Н.К. - Сайт "Слыхавы апарат" - 10.01.2004
Тыдзень пасля Новага года звычайна небагаты на значныя музычныя падзеі. Музыкі калі працуюць, то ў клубах ці на прыватных вечарынках. Такім чынам, можна лічыць, што музычную гісторыю 2004 года ў Беларусі распачала група "Троіца". 7 студзеня сольным канцэртам ў мінскім Палацы культуры трактарнага завода яна адзначала свой 7-ы дзень нараджэння. Калісьці менавіта 7 студзеня адбыўся першы канцэрт калектыва з такой назвай. А 5 гадоў таму група змяніла склад, і цяпер "Троіца" гэта Юрый Паўлоўскі, Юрый Дзмітрыеў і Іван Кірчук - самы "неверагодны" голас Беларусі, і самая "пазнавальная барада" нашай краіны. Так Іван Іваныч пажартаваў на канцэрце: "Насамрэч я яшчэ малады, а барада - гэта так, каб за мяжой пазнавалі".
У "Троіцы" ёсць "сумная" традыцыя - выступаць у Беларусі з адным канцэртам на год. Відавочна, адзін канцэрт - гэта вельмі мала. А вось у 2003 не атрымалася ўвогуле ніводнага. Ёсць спадзяванні, што чацвёрты год новага века будзе больш удалым, наступны канцэрт - ужо таксама 30 студзеня, у Маладзечне. А, дарэчы, 15 сакавіка ў мінскім Тэатры юнага гледача адбудзецца яшчэ адзін паказ сольнай праграмы Івана Кірчука "Варажбіт", але на гэты раз і з удзелам групы "Троіца".
Увогуле меркавалася, што калядны канцэрт у Мінску супадзе і з выхадам чарговага альбома "Троіцы" з назвай "Сем". (Сем песень, апошняя, хітовая і святочная - "Сем чарак гарэлкі"). Доўга чакалі выхаду праекта "Руны", які усё адкладваўся, і на той жа маскоўскай "MSH records" вырашылі раней паспець з альбомам "Троіцы" "Сем". Па апошніх звестках, абодва альбомы - і "Троіцы" і "Рун" -- выйдуць амаль адначасова, бліжэй да вясны. Хутка музыкі накіруюцца ў Маскву, каб завершыць студыйную працу.
Тым не менш, усе гэтыя адкладванні не перашкодзілі адбыцца канцэртнаму святу 7 студзеня. Хто памятае папярэдні канцэрт "Троіцы" у тэатры Янкі Купалы - зала была паўнюткай і многія гледачы стаялі. Зала Палаца культуры трактарнага завода была амаль аншлагавай, а публіка такой жа гарачай. І на сцэне панаваў добры настрой - з усмешкамі і жартамі Іван Кірчук быў зусім свойскім, а не тым магутным і крыху змрочным "варажбітам", як у сваёй сольнай праграме. У такі дзень, канешне, толькі радавацца!
Увесь канцэрт суправаджалі відэакадры, адзнятыя пад час шматлікіх вандровак па Еўропе і Азіі - Галандыі, Балканах, Малайзіі, Польшчы, Расіі, Прыбалтыцы. Зманціраваў увесь гэты кінафільм сам Кірчук. Глядзець было цікава, і падчас нават забаўна. Напрыклад, гучыць чарговая кампазіцыя "Троіцы" з нейкімі афрыканскімі рытмамі, а на экране танчаць сапраўдныя амаль што голыя абарыгены.
"Троіца" іграла і старыя, і новыя кампазіцыі, як заўсёды іграла выдатна, што зусім нядзіўна. Патрабавальнасць "Троіцы" да гуку выказалася ў тым, што сам Кірчук быў не да канца ім задаволены, у Палацы культуры зацягнулася дзіцячая "Елка", а некалькі дзесяткаў інструментаў патрабуюць шмат часу на добрае агучванне. Я думаю, што публіка нічога не заўважыла, апладысментаў не шкадавала і выклікала на "біс". Новыя песні ўспрымаліся гэтак жа цёпла, як і старыя. Магчыма, гэта толькі маё ўласнае адчуванне, але новыя творы "Троіцы", акрамя таго што вельмі спадабаліся, падаліся нейкімі больш меладычнымі і больш даступнымі для ўспрымання шырокай публікай.
Сем - лічба шчаслівая, і 2004 год павінны стаць для "Троіцы" шчаслівым. Ажно два новыя альбомы, новыя канцэрты ў Беларусі, а не толькі за мяжой, новыя прыхільнікі, і нават можна памарыць пра камерцыйны поспех. Няхай так і будзе!
|