Альтернативное изображение
Іван Кірчук: Беларуская музыка папулярная ў Эўропе
04.12.2006 г.
Сяргей Будкін - інтэрнэт-выданьне "Анціпод" - кастрычнік, 2003 У адным з інтэрвію тэлебачыньню Іван Кірчук сказаў, што жыве ў інтэрнаце. Праз некаторы час ён прыехаў да сваякоў у Ліду. Мясцовыя бізнэсоўцы тады яму прапанавалі набыць бясплатнае жытло - 2-3-пакаёўку. Іван Іванавіч ім адмовіў: Кіньце! Мне ўтульна ў сваім пакойчыку. У гэтым невялікім інтэрнацкім пакоі (сам двухмэтровы Кірчук займае чвэрць ягонай плошчы), гаспадар любіць прымаць гасьцей. На сьценах афішы, на паліцах - сувэніры з розных краінаў сьвету, на стале - гарбуз. Падчас размовы Кірчук дэманструе новыя песьні, запісы канцэртаў, фотаздымкі - спакойна сядзець ня можа.

- Іван Іванавіч, у вас зьявіўся новы праект пад назвай "Руны". Чым ён розніцца ад "Троіцы"?
- Так, сёлета зьявіўся па прапанове расейцаў такі электронны праект. Гэтым ён уласна ад "Троіцы" і адрозніваецца. Гэта электронная музыка з выкарыстоўваньнем сэмплаў, падкладак розных, але ў аснове беларускія народныя песьні, што выконвае "Троіца". Масквічы выказалі зацікаўленасьць, аплацілі цалкам запіс. Назву, дарэчы, таксама яны прапанавалі. Праграма досыць складаная для жывога выкананьня - утраіх мы ня здолеем яе сыграць, таму зараз ідзе пошук музыкантаў, плянуецца, што на сцэне будзе чалавек 8-10. Дзесьці два месяцы пойдзе на падрыхтоўку і пры канцы года я спадзяюся яе пабачыць Менск (падчас адказу ставіць адну з песень "Рун" - "Семь чарак гарэлкі" - неблагі электрафольк!).

- Тым не менш, вы ўжо пасьпелі выступіць з "Рунамі" - 18 ліпеня вы гралі у маскоўскім СК "Алімпійскі". Цяжка, мабыць, завесьці 20 тысяч гледачоў, што прыйшлі паслухаць "дэпешаўца" Дэйва Гэхана й ангельскіх трып-хопераў "Massive Attack" беларускім песьнямі?
- Заўсёды цяжка граць там, дзе цябе не чакаюць. Да таго ж выступалі мы пад фанаграму, бо, як я ўжо казаў, утраіх гэтую праграму не выканаеш. Народ чакаў Гэхана, таму ім былі "па барабану" нейкія незнаёмыя "дзяды з Беларусі" - так нас назвалі недзе ў Інтэрнэце (дае зразумець як гэта было, уключае відыё з выступам "Рун" на тым канцэрце - на запісу чутна, як скрозь вакал Кірчука прабіваюцца крыкі гледачоў "Гэхан!Гэхан!").

- Вы ўпершыню сутыкнуліся з расейскім шоў-бізнэсам? Ходзяць чуткі, што вы збіраецеся рыхтаваць сумесны праект з групай "Іван Купала"?
- Так, можна сказаць, што "Руны" - гэта першая наша беларуска-расейская сумесная праца. Хоць раней былі кантакты з Шаўчуком, Стасам Наміным. Мы бралі ўдзел у вялікім канцерце на Краснай плошчы, прысьвечаным 850-годдзю Масквы. Тады да нас падыходзіў Намін. Кажа: давайце падпішам са мной кантракт. Але далей слоў не пайшло. Датычна "Івана Купалы" - ня ведаю, размовы такія былі, але ніякай дамоўленасьці не існуе пакуль.

- Нядаўна "Троіца" вярнулася з эўрапейскага турнэ. Падзяліцеся ўражаньнямі ад гэтае паездкі.
- Мы выехалі 2 чэрвеня і вярнуліся ў сярэдзіне жніўня. Першы канцэрт быў у Польшчы, у Скірнівіцах, на фэсьце "Этнасфера", потым быў канцэрт у Венгрыі, у разбураным замку, далі некалькі канцэртаў у Босніі. Сыгралі каля 14 канцэртаў. Цікавая акалічнасьць: нас запрасілі на джаз-фэстываль, а потым адразу мы патрапілі на панк-фэст у Бугойна. Завяршылі сваё падарожжа ў Вугоршчыне, дзе праходзіў вядомы "Sziget Festival": 60 тысячаў гледачоў, больш за 60 сцэн, мы гралі на адной з гэтых сцэн пад назвай Petofi Hall Folk Stage. Пераезжалі з адной краіны ў другую на мікрааўтобусе нашага галядзскага сябра Марціна Паста (дзякуючы яму выйшлі ўсе запісы "Троіцы"). Марцін сабраўся ў сусьветнае падарожжа на тры гады й пагадзіўся зь месяц пакатаць "Троіцу". У Менск ён таксама зьбіраецца прыехаць з такой "місіяй міра". Праўда спаць цяжка было ў бусе: там усяго тры спальных месцы, а нас чацвёра. Ну, нічога, наш гітарыст Юра Дзьмітрыеў неяк уладкоўваўся... (паказвае фотаздымкі з паездкі - заходнеэўрапейскія краявіды, жоўты мініаўтобус, галядзскі мастак і пісьменьнік Паст, канцэрты, рэстарацыі, замкі...)

- Акрамя "Троіцы" і "Рун", вы займаецеся сольнай творчасьцю, а да таго ж выкладаеце на катэдры этналёгіі пэдуніверсітэту. Не цяжка ўсё гэта сумяшчаць?
- Мяне зусім не напружвае. Гэта любімая праца, усё маё жыцьцё зьвязанае з фальклорам. Як зьявілася "Троіца", выкладчыцкую кар'еру можна было кідаць, але мне гэта цікава ня менш за групу. Ужо дваццаць першы год я займаюся са студэнтамі, рыхтуем зь імі фальклорныя праграмы, рэканструкцыі старадаўніх сьвятаў. А калі мне трэба ўехаць на гастролі, без праблем магу на час пакінуць універсітэт.

- На канцэртах вы любіце эксперымэнтаваць з відэашэрагам, адмыслова падабраным пад песьні, а чаму б не знайсьці таленавітага рэжысэра ды зьняць кліп на адну зь песень?
- Трэба шукаць грошы. Наогул лепей усе сродкі пакласьці на запіс некалькіх песень, чым на кліп, я так лічу. Хоць я думаю, на "Руны" будзе кліп - Масква без увагі такое не пакіне. А так, вядома, мне вельмі падабаецца, калі пад музыку "Троіцы" (песьня "Журавы", напрыклад) кладзецца беларуская прырода. Нешта такое б я зрабіў.

- Што рыхуеце новага, акрамя "Рун"? Плянуеце паказаць яшчэ раз вашую фольк-фантазію "Варажбіт"?
- У "Троіцы" ёсьць матэрыял для новага альбому, толькі пакуль ня ведаю дзе будзем пісацца. А потым і "Варажбіта" можна запісаць. Вось паказаць "Варажбіта" можа і ня здолею, бо зазвычай складаная праграма. Складаная, таму што адзін на сцэне, сам рэжысэр-пастаноўшчык і выканаўца, трэба вялікая колькасьць рэпетыцыяў, каб усё атрымалася адпаведна задуме. Сцэну трэба яўна не такую, як КЗ "Менск" (там прайшла прэзэнтацыя "Варажбіта"). У ідэале - амфітэатр, каб гледачы сядзелі з чатырох бакоў, бо гадзіну пятнаццаць хвілін я хаджу па кругу і варажу, расказваю легенду пра духа старажытнага народа. Для гледачоў можа быць гэтая праграма таксама складаная: і не спектакль, і не канцэрт.

- Зьмена музыкаў неяк адбілася на стылістыцы групы? Ці маеце Вы зносіны з былымі ўдзельнікамі "Троіцы" - Зьмітром Лук'янчыкам і Віталем Шкілёнкам?
- Ужо гады з чатыры не кантактуем. Віталь пасьля нашага распаду яшчэ прыходзіў да мяне, але ў мяне ўжо быў новы склад. А вось са Зьмітром неяк непрыемна разьвіталіся, котка паміж намі прабегла. Калі прыйшлі новыя музыкі, "Троіца", натуральна, зьмянілася. Бубнач Юры Паўлоўскі шмат гадоў займаўся авангарднай музыкай, Юры Дзьмітрыеў скончыў курс джазавай гітары ва Ўладзімера Ўгольніка і ўсё гэта, несумнеўна, адбілася на стылістыцы гурта (ставіць песьню зь першага альбому "Троіцы", а потым з апошняга, каб я адчуў розніцу)

- Вас называюць пераемнікам Мулявіна. Як на вашую думку, беларуская музыка здольная будзе калі-небудзь дасягнуць тае "песьняроўскай" папулярнасьці?
- Па вусах, дык пэўна Мулявін. Пераемнікам сябе не адчуваю. Вельмі, канечне, шкадую, што так і не пазнаёміліся, ня сьпелі разам. Мулявін заўсёды добрым словам згадваў "Троіцу". І мы робім нешта - тры кампакты, выдадзеныя ў Галяндыі таму доказ. Беларуская музыка насамрэч даволі папулярная ў Эўропе - нашыя дыскі там раскупаюць (а каштуе альбом "Троіцы" у той жа Галяндыі 30 эўра), людзі пазнаюць - мы ня першы год выступаем у Босьніі. "Руны" можа дадуць зразумець расейцам што за зьява такая - беларускі фальклор. Усё наперадзе!
Апошняе абнаўленне ( 26.01.2020 г. )
 
« Папяр.   Наст. »
© 1.2002 - 2024 этна-трыа "Троіца" / рэдактары: Сяргей Шупляк, Троiца
Joomla! is Free Software released under the GNU/GPL License.
хосцінг HOSTER.BY