«Мы намагаемся хаця б раз на год ладзіць жывы канцэрт, і паколькі гурт быў заснаваны ў траўні, то традыцыйна ў гэтым месяцы і адбываюцца нашыя выступы», – распавёў пра нагоду для канцэрту Іван Кірчук.
Этна-трыа «Троіца»
адсвяткавала свой дзень народзінаў жывым канцэртам у Менску. Belsat.eu
наведаў імпрэзу і паразмаўляў з лідарам гурта Іванам Кірчуком пра
поспехі, дасягненні ды планы на будучыню.
«Мы намагаемся хаця б раз на год ладзіць жывы канцэрт, і
паколькі гурт быў заснаваны ў траўні, то традыцыйна ў гэтым месяцы і
адбываюцца нашыя выступы», – распавёў пра нагоду для канцэрту Іван
Кірчук.
Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г. Фота: Белсат Выступленне гурта «Троіца», 15 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Творчы
шлях гурта распачаўся 22 гады таму – з паездкі калектыву ў Галандыю з
музеем і аўтарскай батлейкай Івана Кірчука, дзе яны 10 дзён прэзентавалі
сваю творчасць. Менавіта тады ўпершыню прагучаў спеў «Добры вечар
тому», якім музыкі распачалі сёлетні канцэрт.
На суботнім выступе ў Менску прыхільнікі творчасці этна-трыа змаглі атрымаць асалоду ад 17 кампазіцыяў з розных перыядаў творчасці «Троіцы», у тым ліку пачуць апошнія напрацоўкі
гурта: «Для гэтага канцэрту мы абралі найбольш меладычныя, кантрастныя
песні з нашых сямі кружэлак ды прадставілі публіцы прэм’еру – песню «Два
голубы», якую запісвалі з новымі інструментамі, набытымі нядаўна ў майстроў».
Слухачы гурту «Троіца», 15 траўня 2021 г. Фота: Белсат Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г. Фота: Белсат Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г. Фота: Белсат
Гэтак, на канцэрце можна было пачуць ліру майстра Паўла Кораня, які жыве і працуе ў Бараўлянах, а таксама інструмент з цікавай назвай глюкафон, які зрабіў майстар з Ліды Аляксандр Блахін.
Творчы кірунак, у якім працуюць музыкі, спецыялісты называюць прагрэсіў-фолкам, гэтым тлумачыцца прымяненне
такіх разнастайных і незвычайных інструментаў. Матэрыял для сваёй
творчасці гурт бярэ з уласных этнаграфічных экспедыцыяў і карыстаецца напрацоўкамі іншых этнографаў. Новыя песні ў рэпертуары «Троіцы» з’яўляюцца нячаста, бо песні, якія гучаць у іхным выкананні, вымагаюць шмат працы:
«У нашай творчасці няма нейкіх джазавых ці рокавыхімправізацыяў – мы займаемся менавіта творчай апрацоўкай,
якая робіцца ад пачатку да канца: кожны ведае, дзе каму ўступаць, які
музычны інструмент і дзе будзе гучаць. Таму бывае, што мы працуем год
над песняй, а то і болей. Шмат часу сыходзіць на пошук аўтэнтычных
інструментаў – гэта акарыны, жалейкі, дудкі, якія ўплятаюцца ў складаныя
партытуры. Я заўсёды жартам кажу: няхай беларускія песні ўпрыгожвае
афрыканская дудка, калі яна ў мяне ёсць і яна прыгожая па тэмбры».
Выступленне гурта «Троіца», 15 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Сцэна
вакол Івана Кірчука заўсёды шчыльна занятая рознымі незвычайнымі
інструментамі, але гэта толькі малая частка таго, што музыка
выкарыстоўвае ў сваёй творчасці:
«Калі зазірнуць да мяне ў этналабараторыю,
то там настолькі шмат розных інструментаў, што ім папросту ўжо няма
ліку. Там асобна захоўваюцца духавыя, струнныя, перкусійныя ды іншыя.
Яны ўсе маюць унікальнае і цікавае гучанне, таму да кожнай песні
падбіраем асобны набор інструментаў рознага характару і паходжання.
Напрыклад, наш перкусіяніст Юрый
выкарыстоўваў бамбукавы ксілафон з Інданезіі, а на адным з канцэртаў у
якасці інструмента выкарыстоўвалі звычайныя збанкі і чыгункі».
Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г. Фота: Белсат Выступленне гурта, 15 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Акрамя культуралагічнага, музыка «Троіцы» мае і тэрапеўтычна-лекавы складнік, распавёў Іван Кірчук: «Калі былі розныя эпідэміі, то нашыя продкі прыходзілі або ў царкву, або ў іншыя храмы,
дзе званілі ў званы. І сёння ёсць даследаванні навукоўцаў, якія кажуць
пра тое, што гук званоў мае лекавы эфект, таму на канцэрце шмат
металічных інструментаў гучала. Акром таго, продкі лекаваліся ды абараняліся абрадавымі песнямі календара: калі была вясна – спявалі веснавыя песні; калі лета – летнія песні».
Слухаючы гэтыя песні, мы дакранаемся да мудрасці і творчасці нашых
продкаў. «Змрочныя часы былі столькі, колькі жыве чалавек, былі і войны і
эпідэміі – і ўвесь гэты час гучала народная песня, бо яна дапамагае
жыць», – дзеліцца думкамі Іван Кірчук.