Альтернативное изображение
Іван Кірчук: Гэта ці малітва, ці рытуал…
24.10.2018 г.
Іван Кірчук: Гэта ці малітва, ці рытуал…
Аўтар: Надзея КУДРЭЙКА 
23.10.2018 | zviazda.by

Іван Кірчук: Гэта ці малітва, ці рытуал…


За дзесяцігоддзі існавання група «Троіца» стала калектывам, які не проста любяць, а якім ганарацца.

Як культурным нацыянальным здабыткам, як нечым бясспрэчным і ўнікальным на беларускай сцэне. Шлях да прызнання не назавеш простым, ён пралягаў праз расчараванні, адсутнасць грошай і ўвагі, праз адсутнасць званняў — хаця як не ў 60-гадовы юбілей Івана Кірчука пра іх успомніць?! Але «Троіца» ніколі не зніжала планку і ўпарта працягвала рабіць сваю справу. На падыходзе новая музычная праграма, сёмы па ліку альбом «Цар-агонь». Як і ўсе папярэднія, ён са сваім тварам, сваім гучаннем. Магу прадказаць, што гэтыя песні дабяруцца нават да сэрцаў тых, хто раней па нейкіх прычынах мог застацца глухім да творчасці «Троіцы». Бо новая праграма рабілася такой, каб не ўражваць складанасцю і канцэптуальнасцю, а каб слухач быў блізка-блізка ад музыкаў, быццам яны іграюць вось побач, можа, недзе за сценкай драўлянай хаты. А можа, і спяваюць нават проста для яго.

Цяпер у Івана Кірчука ідуць і сольныя праграмы, у тым ліку на тэатральных форумах, ідзе праца ў якасці выкладчыка і даследчыка. Пра свой занятак, пра фальклор і багацце беларускіх народных традыцый ён можа захоплена расказваць гадзінамі. І цяжка паверыць, што ў Кірчука мог быць іншы шлях…

— Здаецца, што вы проста не маглі быць нікім іншым, акрамя як музыкантам, прычым менавіта такім народным музыкантам, што ўвасабляе сабою нашу беларускую спрадвечную песню: вялікі, мудры, з барадою. І з вялізным аўтарытэтам…

— У cвой час у музвучылішча я трапіў і выпадкова, і нават па блаце. Бо хацеў быць мараком, як і мой брат, што жыў у Рызе і прывозіў з далёкіх краёў заморскія цацкі, расказваў гісторыі. Я мроіў пра мора, збіраў малюнкі караблёў, чытаў кнігі. У 8 класе ўжо зусім наважыўся збегчы паступаць у мараходнае вучылішча, але пільная бабуля мяне «накрыла», і тады бацька сказаў: «Я зараз здаю новы будынак, лідскае музвучылішча, у мяне там знаёмы дырэктар, і ты пойдзеш туды вучыцца». А я і нот не ведаў, і нават не любіў тую музыку, якую сёстры днямі ігралі дома: гамы і ўсё астатняе...

Не ведаю, ці быў у мяне які іншы шлях, бо насамрэч я вырас з музыкай. Мае бацькі 40 гадоў спявалі ў касцельным хоры. Па лініі дзеда Томаша было 14 дзяцей, мая мама — сярод іх. Яны рассыпаліся потым па розных краінах. А калі прыязджалі дадому, то ўсе разам спявалі народныя песні: беларускія, рускія, украінскія, польскія, бо мы ведалі, што мы палякі. У бацькі была вялізная калекцыя пласцінак, італьянская эстрада. Сёстры дома ігралі: Ала — на акардэоне, Маша — на цымбалах. Музыка была паўсюль — касцельная, народная, акадэмічная, папулярная. А я сам зайздросціў суседу, у якога быў магнітафон і які слухаў Deep purple і іншы рок. Вось гэта мяне вабіла! Як вакаліст я ў юнацтве ўдзельнічаў у розных конкурсах, атрымліваў дыпломы і граматы. І нават, памятаю, быў такі конкурс — «Вам нашы песні», што потым стаў называцца «Чырвоныя гваздзікі», і я ў Гродне спяваў «Песню пра Мінск»: «Широким проспектом шагаю…» Але не ставіўся сур’ёзна да гэтай тэмы і пайшоў у вучылішча па загадзе бацькі. Тады вучылі толькі акадэмічным спевам, я сядзеў у хоры і нешта спяваў фальцэтам і паглядаў у бок першых ВІА. У бок сяброў, што ўзялі ў рукі гітары. І сам, амаль не ведаючы нот, але паслухаўшы праграму Давіда Тухманава «По волне моей памяти», напісаў цэлы цыкл песень на вершы Байрана і Гётэ.

— Пра фальклор і пра тое, што ён стане справай жыцця, тады яшчэ не йшло гаворкі? У які момант адбылася знакавая сустрэча?

— На адным з курсаў вучылішча мяне адправілі з тэарэтыкамі насіць магнітафоны, калі яны паехалі па Лідскім раёне запісваць песні. Я тады першы раз еў свежы хлеб з печы, слухаў спевы. Але нічога не адчуў, не зразумеў, проста міма прайшоў. А вось ужо ў 1980 годзе, калі прыйшоў з арміі, вучыўся ў Мінску, трапіў на канцэрт ансамбля Дзмітрыя Пакроўскага, потым су-светна славутага расійскага калектыву. Быў неверагодна ўзрушаны і вырашыў: буду гэтым займацца. Паступаў у кансерваторыю ў Мінску, мяне праслухоўваў прафесар Роўда. Але спужаўся ісці на экзамены, бо астатнія абітурыенты ігралі як богі, сальфеджыа ведалі як богі. А я з арміі, паўгода на БАМе, рукі пасля бензапілы зусім не былі прыстасаваныя да фартэпіяна… Паступіў у Інстытут культуры на народны хор. Там быў ансамбль «Валачобнікі», і я, калі першы раз трапіў, быў у шоку, нават хацеў забіраць дакументы. Дзяўчыны ўтрыраванымі галасамі выводзілі «Свеціць месяц, свеціць ясны». Можа, і не давучыўся б, каб не мінскі канцэрт ансамбля Пакроўскага. Там я быццам першы раз пачуў сапраўдны фальклор. Розныя рэгіёны, розныя манеры, розныя гісторыі, ніякага кіча.

Сёння мы ведаем, што і ў Беларусі шэсць этнаграфічных рэгіёнаў, я тады ўжо разумеў, што ўся Беларусь не можа спяваць у адной манеры — і калыханкі, і пахавальныя песні. А ў нас дагэтуль усіх вучаць аднолькава, і так, як самі бабулі ў вёсках ніколі не спявалі. Палескую ж песню заўсёды адрозніш ад віцебскай, напрыклад. У кожнага выканаўцы свае манера, характар, гэта перш за ўсё асоба. І няма нічога аднолькавага.

— Але шок прайшоў, і вы пачалі займацца фальклорам.

— Тут таксама можна казаць пра нейкі момант выпадковасці ці паразважаць пра лёс. Па сямейных абставінах я перайшоў на завочнае аддзяленне і стаў працаваць у культпрасветвучылішчы замдырэктара па гаспадарчай частцы, а мне далі яшчэ весці практыкум па фальклоры. А што гэта, ні я не ведаў, ні кіраўніцтва да канца не разумела. Дзе браць песні, таксама невядома. Але ўжо хацелася зрабіць нешта сваё, не такое, як я чуў дагэтуль у іншых народных калектываў. І вось неяк паехаў у Любанскі раён, вёску Сарачы. Пелагея Міхайлаўна Шмялёва пачала спяваць мне ў 10 гадзін раніцы, скончыла ў гадзіну ночы. Я сцёр усе касеты з джаз-рокам, што ў мяне былі, каб запісаць яе песні. Дагэтуль часта карыстаюся матэрыяламі з той маёй першай экспедыцыі. І вось так з 1983 года пайшлі ў мяне розныя студэнцкія калектывы — «Дабрадзеі», «Бліскавіца», «Прадвесне», «Дзіва».

— «Дзіва» — папярэднік «Троіцы» — бадай, самы вядомы, але ж і самы недаацэнены.

— Ансамбль «Дзіва» быў маёй даволі моцнай эксперыментальнай базай, а-капэльныя спевы тады былі сапраўды дзівам. Не стану хаваць, я пераймаў многае ў Дзмітрыя Пакроўскага. Пра нас тады хадзілі легенды, бо так, як мы, не рабіў ніхто. Да нас прыходзілі мэтры — слухалі, здзіўляліся, запісвалі. Віктар Захарчанка з Кубанскага народнага хору пачаў запрашаць нас на свае фестывалі. Але мы мала выступалі ў Беларусі. Думаю, менавіта ў гэтым прычына такой недаацэненасці ансамбля «Дзіва». Многа выступалі за мяжою: Расія, Украіна, Германія. Атрымлівалі там узнагароды, чулі захопленыя водгукі. Таму што мы спявалі а-капэльна і імправізацыйна. Здаралася, нас пыталіся: «А дзе ваш баян, іншыя інструменты?» Пасля выступлення такіх пытанняў ужо ніхто не задаваў.

— Усё ж званне народнага калектыву «Дзіва» атрымала.

— З вялікай цяжкасцю. А потым я нешта не падаваў заявак, не даваў звестак, калі рабілі энцыклапедыю па фальклоры. У той час усе фальклорныя калектывы працавалі прыкладна па адной схеме: цымбалы, скрыпка, гармонік, пэўная аднолькавая харэаграфія, у каго трохі лепей інструментальная частка, у каго — вакальная. Але прынцыповых адрозненняў — ніякіх, без сваёй разынкі. А ў вёсках кожны выканаўца ўнікальны, гэта ў першую чаргу чалавек са сваім лёсам. І ансамбль «Дзіва» ў тыя часы, канешне, моцна выбіваўся. На сцэне мы ўсе абрады паказвалі: ад нараджэння да смерці. Ды й «Дзіва» не ўваходзіла ў кола набліжаных да афіцыйных мерапрыемстваў калектываў, як «Свята», напрыклад. Былі яшчэ «Церніца», «Неруш», «Рунь», Валянціна Пархоменка. Мяне цягнула да нечага арыгінальнага і сапраўднага. Вось чаму я зараз уздрыгваю, калі народных выканаўцаў, бабуль і дзядуль, апранаюць у нейкія бліскучыя зялёныя касцюмы, калі яны выступаюць нават пад фанаграму «мінус адзін». Гэта ўжо не фальклор…

Дарэчы, хлопцы з «Дзіва» былі на прэзентацыі новага альбома «Троіцы» ў філармоніі і павіншавалі мяне з юбілеем. 20 гадоў не бачыліся.

— Усе захапляюцца вашым неверагодным голасам, бо яму, здаецца, падуладнае ўсё. Кажуць, во Бог даў голас!

— Не бывае такога, каб Бог даў, а ты нічога не зрабіў. Я проста вельмі многа спяваў, і самага рознага. Канешне, найбольш далі заняткі са студэнтамі, з кожным новым курсам вучыш новыя песні, слухаеш новых народных выканаўцаў, спрабуеш новыя прыёмы. А я і барытонам у свой час спяваў у хоры, і басам, калі не хапала басоў, мог і ценаровую партыю выканаць. У «Троіцы» мы ніколі не гаворым пра танальнасць. Няма такога, каб зайгралі, а я кажу, што для мяне гэта высока ці нізка. Калі-нікалі сам не ведаю, як бяру пэўныя ноты, але песня вядзе.

— Калі гаворка ідзе пра сапраўдных народных выканаўцаў з вёсак, у нас кажуць «бабулькі». Чаму менавіта жанчыны сталі захавальніцамі фальклорнай традыцыі?

— Раней былі і мужчыны. Я скажу болей: як сцвярджаюць этнографы, калісьці не існавала жаночых спеваў, былі толькі мужчынскія. Вось як манахі табе праспяваюць ці грузінскі, армянскі мужчынскі хор, ці Хор Аляксандрава, дык цябе да пятак прабярэ. Таму што гэта моцная мужчынская энергетыка. Мужчына атрымлівае ўсю моц з Космасу, а жанчына — ад Зямлі. Усё, што датычылася абрадаў, рытуалаў і, адпаведна, спеваў — гэта была мужчынская справа. Тых, каго называлі ведунамі, варажбітамі, жрацамі. У які момант усё пачало змяняцца? Я заспеў яшчэ ўнікальных мужчын-выканаўцаў, але гэта былі рэдкія асобы. У 1988 годзе я прывёз у Мінск з Палесся гурт «Плытагоны», каб запісаць. Вось толькі сёлета праз 30 гадоў удалося апублікаваць запісы на дыску «Мужчынская традыцыя спеву». Мужчыны раней спявалі так, што можна было розум згубіць ад захаплення. Яны былі, а ўвагі да іх не было.

Ды на працягу гісторыі знікалі цэлыя пласты народных, менавіта мужчынскіх песень. Пастухі знікаюць, а разам з імі — і песні. А гэта цэлы цыкл: падрыхтоўкі кароўкі на поле, каня. Рэкруцкія песні зніклі, бо не служаць ужо 25 гадоў, як пры Пятры Першым. Рэкі пасохлі — няма плытагонаў. Чумацкія, бурлацкія песні адышлі ў нябыт. Вось так і знікла традыцыя мужчынскіх спеваў, бо не захоўвалі, не вучылі. А на маіх канцэртах у людзей часта сапраўдны шок, калі я кажу, што вось так у нас у Беларусі мужыкі спявалі. Бо я яшчэ застаў, пачуў, вывучыў.

— Вы ўсё жыццё яшчэ і выкладаеце фальклор, цяпер — спецыялістам, якія як быццам павінны мець уяўленне пра народныя традыцыі. Але ж ведаю, што многія сыходзяць пасля заняткаў не проста з захапленнем, а са здзіўленнем: а чаму мы гэтага не ведалі?

— Да мяне цяпер у Інстытут павышэння кваліфікацыі многа рознага народу прыязджае: і работнікі культуры з раёнаў, рэжысёры святаў. Дык для іх усё робіцца сапраўдным адкрыццём, калі расказваю пра народныя традыцыі. Хто перапытае: як Масленіцы не было?.. А я раю даведацца гісторыю іх мясцовасці, знайсці, якія святы людзі ладзілі. І не па чужых падручніках рабіць, а ад гісторыі зямлі ісці. Расказваю, пра што песні. У людзей проста вочы раскрываюцца! Бо гэта ж не звычайныя песні — гэта ці малітва, ці рытуал, ці нейкая рэальная дзея. Я часта паўтараю, што фальклор — гэта закадзіраваная інфармацыя. Нават мне самому толькі нядаўна пачалі раскрывацца некаторыя рэчы. Трэба спяваць і вучыць гэта 25 гадоў, каб пачаць разумець. Каб сама песня, самі тэкст і мелодыя ўжо давалі табе падказкі. У нас жа часта артысты са сцэны бяруцца за фальклор, не маючы ніякага ўяўлення, пра што спяваюць. Якая і багатая, і горкая, і містычныя гісторыя стаіць за гэтымі радкамі. А як па-іншаму людзі слухаюць, калі ім расказваеш, што адкуль бярэцца, як гэта кранае іх душу, і ім хочацца і слухаць яшчэ, і ведаць, і ганарыцца нашай мінуўшчынай. На жаль, паўсюдна моцна скарачаюцца гадзіны на вывучэнне фальклору, традыцый. Тэлеперадачы, што быццам пра народных выканаўцаў, чапляюць нешта абсалютна павярхоўнае і не расказваюць пра сапраўдны фальклор. Усё забываецца, знікае. Тым больш для мяне каштоўна, калі на маіх сольных канцэртах ці на канцэртах «Троіцы» людзі з захапленнем адкрываюць для сябе гэты свет.

Надзея КУДРЭЙКА

Фота Веранікі ВЕЛЬБ

Апошняе абнаўленне ( 26.01.2020 г. )
 
« Папяр.   Наст. »
© 1.2002 - 2024 этна-трыа "Троіца" / рэдактары: Сяргей Шупляк, Троiца
Joomla! is Free Software released under the GNU/GPL License.
хосцінг HOSTER.BY