Гэта
адзін з тых музыкаў, пра якіх думаеш — яны былі заўжды. Насамрэч
нястомны збіральнік, захавальнік і выканаўца беларускага музычнага
фальклору, лідар этна-трыа «Троіца», выкладчык і батлеечнік Іван Кірчук
толькі на мінулым тыдні адзначыў 60-годдзе. Зрэшты, у прыхільнікаў
творчасці яшчэ будзе магчымасць павіншаваць яго — падчас прэзентацыі
новага альбома «Цар агонь» 27 верасня ў Белдзяржфілармоніі. А пакуль што
мы з Іванам Іванавічам сядзім у ягонай
этналабараторыі, разглядаем старыя здымкі і ўнікальную калекцыю музычных
інструментаў з усяго свету ды размаўляем пра жыццёвыя высновы, творчыя
планы і сэнс розных лічбаў у лёсе «Троіцы».
Асабістае
Публіка
прызвычаілася бачыць Івана Кірчука — музычнага вешчуна і
магістра рытуалаў. Але шматгранны музыка можа ўзяць у рукі
і звычайны гармонік ды завесці прыпеўкі.
«Ніякіх не хачу застолляў і банкетаў, не хачу шмат гасцей, хачу, каб была толькі сям'я, — дае Кірчук свой ідэальны рэцэпт юбілею. —
Проста для мяне гэта вельмі важна: калі жыў сам, адзін, 14 гадоў і
думаў, што ўжо так буду дажываць. А цяпер ёсць сям'я, маленькія дзеці, і
трэба часцей бываць разам, як некалі мы з бацькамі. Нас было трое
дзяцей у сям'і, і я добра памятаю, што на нейкія, як палякі кажуць,
«рочныя» святы мы вельмі не любілі, калі прыходзілі суседзі ці іншыя
людзі, бо галоўнае было — адзначыць з блізкімі, сям'ёй».
— Іван Іванавіч, 60 — сакральная лічба ці не?
— Мне здаецца, чым далей ад дня нараджэння, тым больш сакральныя
лічбы ўсе. Можна ўзяць і 7-гадовы цыкл, і 10-, і 12-гадовы; па сабе я
ведаю, наступіўшы колькі разоў на адны і тыя ж граблі, што як толькі
праходзіць 11 гадоў, трэба нешта змяняць у жыцці, інакш здараюцца
рознага кшталту непрыемнасці. Нядаўна гуляў з дачушкай Агнешкай, яна
кажа: «Мне тры гады». «Не, — кажу, — табе яшчэ два. А вось мне
шэсцьдзясят...» І нават сам задумаўся, якая гэта вялікая розніца і
колькі яшчэ ў дачкі будзе гэтых лічбаў.
— Параўноўваючы сябе ў розных узростах, і сваіх дзяцей, як лічыце, які ўзрост найшчаслівейшы?
— Канешне, дзяцінства, калі ты яшчэ мала каму што павінен, калі
бацькі побач, калі бачыш бабулю з дзедам, асабліва калі ў сям'і лад і
ніякай сваркі няма, і ў цябе ёсць лесвіца пакаленняў перад вачыма: як
жывуць старыя, куды цягнуцца бацькі, куды імкнешся ты сам... Натуральна,
сённяшнія дзеці — зусім не тыя, што былі мы; мае Стэфан і Агнешка зараз
могуць не слухаць бацькоў, а ў маім дзяцінстве бацькава слова было
святым.
— А вы з якога ўзросту сябе свядома помніце?
— Гадоў, мо, пяць ці шэсць. Помню, што я вельмі шмат спяваў, дзе
толькі была магчымасць. Мама казала: ехалі з Гародні з гасцей, я выйшаў
на сярэдзіну аўтобуса і запытаўся, ці магу я спяваць — дазволілі, то
спяваў. Альбо хадзілі мы ў лес у грыбы ці ягады, і я таксама пытаўся, ці
можна тут моцна спяваць. Наогул, песні любіў розныя, бо тады, калі
збіралася вялікая радня, шмат на застоллях спявалі — рускіх, украінскіх,
польскіх, беларускіх песень. А цяпер па мамінай лініі засталася толькі
адна цётка Геня, ёй больш за 90, жыве ў Літве. Вось бы іх запісаць, калі
яшчэ ўсе былі жывыя — а ўсё адкладваў, думаў, паспею...
Летапіснае
Ці
пазнаеце вы Івана Іванавіча ўзору 1995-га — кіраўніка
фальклорнага тэатра «Дзіва» і намесніка дырэктара
Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі?
На адлегласці амаль 180 кіламетраў ад Мінска ў Кірчука было
лецішча — домік, падораны яшчэ матуляй. «А ўжо няма, прадалі сёлета, і
там цяпер жыве ёг — беларускі хлопец, які быў у ашрамах Індыі, Германіі і
Польшчы. Убачыў ён мой сад камянёў, сказаў, што гэта выдатнае месца для
медытацый, — расказвае музыка. — З аднаго боку, на лецішчы добра — лес,
цішыня, а з другога — ёсць пытанні, я змяю на ўчастку бачыў, калі
касіў, а малыя дзеці ж глядзець не будуць, адразу рукамі ўхопяць. Дый
180 кіламетраў у адзін бок — не блізкі свет. Словам, развіталіся мы з
тым домікам. Але ў жончыных бацькоў ёсць дом у Фаніпалі, там для дзяцей
ёсць усё, і нават частка архіваў «Троіцы» там захоўваецца. Праўда,
летась здарыўся пажар, і вінілавыя запісы «пацяклі», частка малюнкаў
падгарэла...»
— Аднаўляць страчаныя архівы? — перапытвае суразмоўнік. — А куды гэта
ўсё дзяваць? Каб вы ведалі, колькі ўсяго сабралася! Восем ці дзевяць
валізак тут захоўваецца толькі з дыскамі і касетамі, якія я збіраў і
прывозіў з падарожжаў «Троіцы» па розных краінах: джаз, фолк, класіка,
рок, танцы — на добры толк, каб гэта ўсё разабраць, бездань часу
патрэбна. А яшчэ ж ё кнігі, інструменты, фотаздымкі з беларускіх і
замежных фестываляў — а іх было больш за 100, ад Беларусі і Расіі да
Чылі і Малайзіі... Толькі сёлета былі фестывалі ў Партугаліі, Германіі і
Польшчы — відаць, 8-9 тысяч кіламетраў мы «накруцілі».
— Налета этна-трыа «Троіца» ў, так бы мовіць, класічным складзе споўніцца ўжо 20 гадоў. Ці плануеце неяк адзначаць?
— Тады ўжо трэба адлічваць ад гурта «Дзіва», які быў за дзесяць гадоў
да «Троіцы» — ён, праўда, вельмі мала выступаў у Беларусі, але меў
званне народнага і шмат гастраляваў за мяжой, спяваючы a capella
беларускія песні. Сама ж з'ява «Троіцы» бярэ адлік з 1995-га, калі я
працаваў у Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі намеснікам
дырэктара... А ці будзем мы адзначаць 20-годдзе этна-трыа і як гэта
рабіць, пакуль нават не ведаю, бо шмат якія планы даводзіцца
перасоўваць. Вось узяць новы дыск «Цар агонь» — мы ж яго запісалі яшчэ
летась, павінны былі вясной прадставіць, але так склалася, што толькі
зараз ён прагучыць.
— Новы альбом вы пісалі сем гадоў, ён сёмы ў агульнай
дыскаграфіі, але першы, на які вы збіралі грошы талакой, праз
краўдфандынг.
— Так, 175 чалавек з розных краін падтрымалі нас і паўдзельнічалі ў
зборы сродкаў на альбом «Цар-агонь». Але ў выніку атрымалася, што з яго
прэзентацыяй мы спазніліся на год. Чаму? Бо хацелася захаваць такі
ўзровень якасці, як у папярэднім альбоме «Зі-
мачка», які атрымаў дзесяць узнагарод толькі ў Беларусі. Уяўляеце, якія
вушы павінны быць у гукарэжысёра, калі мы ўтраіх запісалі 420 трэкаў, а
ён усё гэта здолеў звесці, каб усе — і мы, і ён, і слухачы — засталіся
задаволеныя працай.
— З самага першага альбома «Троіцы», які і называўся так сама, «Троіца», ці ёсць песня, якая вам падабаецца дагэтуль?
— Першая «Троіца», мяркую, здзівіла ўсіх мінімалізмам: на той час у
нас былі бонгі з перкусіі, гуслі, смык, некалькі дудачак, ну і гітара ў
Віталя Шкілёнка. І калі мы прыехалі ў Галандыю з гэтым наборам, усе
казалі нам, што гэта медытацыя, транс, музычная магія... Зразумела, калі
параўнаць першы альбом і сёмы, у нас з'явілася велізарная колькасць
інструментаў — падчас канцэрту ў філармоніі, мабыць, будзе адчуванне,
што сядзіць сімфанічны аркестр, бо ўся сцэна будзе застаўленая
інструментамі, якія выкарыстоўваюцца ў праграме. А з таго часу мы
заўсёды спяваем купальскую «Канапельку» («А ў гародзе на канапельцы»),
дзе якраз гучаць гуслі.
Творчае
У этналабараторыі захоўваецца толькі частка вялізнага творчага і матэрыяльнага архіва «Троіцы».
«Я заўжды марыў стварыць фольк-тэатр, даследаваць на беларускім
матэрыяле, як адбываліся тыя ці іншыя рытуалы, у якіх абрадах і чаму
выконваліся пэўныя песні, у які бок ішлі... Даследчыкі-этнографы,
мяркую, пагодзяцца, што беларускі фальклор — закадзіраваная інфармацыя,
якая адкрывае сябе гадоў праз 20, не раней».
— Яшчэ 15 верасня мусіла адкрыцца выстаўка, якая прадставіла б
шырокай публіцы вашу этнаграфічную калекцыю, у тым ліку батлейку, з
якой вы шмат гадоў гастралявалі па свеце. Аднак большасць экспанатаў не
прайшла праз польска-беларускую мяжу і засталася ў Польшчы. Ці зрушылася
справа на сёння?
— Спадзяюся, што ліст, які я напісаў у Міністэрства культуры, нешта
зрушыць. Лялькі ўжо тут, калядная зорачка прыехала, і я буду
выкарыстоўваць яе разам з маскамі, лялькамі і музычнымі інструментамі 23
верасня ў монаспектаклі «Дарожка мая», які ўваходзіць у праграму
сёлетняга мастацкага форуму «TEART».
А яшчэ планую выставіць малюнкі, частка з якіх зараз знаходзіцца на
«Млыне» ў вёсцы Дворышча, што пад Лідай, — гэта сапраўдны стары
трохпавярховы вадзяны млын, які Генадзь Конан аднавіў і зрабіў там
культурніцкую пляцоўку. 29 верасня там таксама планую паказваць
монаспектакль «Дарожка мая», таму частка калекцыі малюнкаў і
інструментаў ужо чакае там... Словам, выстаўка пакуль пераносіцца, нават
не магу сказаць дакладна, на які час — зразумела, яечка Хрыстова было б
да абеду добра, але ўжо цяпер як атрымаецца сабраць усё разам: і
музычныя рэчы, і этнаграфічныя — саламяныя карабы, начоўкі, куфар на
колах з Палесся,
і шмат чаго яшчэ. Вельмі хацелася б, каб яно ўсё вярнулася ў Беларусь,
бо тыя рэчы заўжды дапамагалі «Троіцы» стварыць адпаведны кантэкст.
Скажам, на фестывалі ў Галандыі, які доўжыўся 10 дзён, паралельна
працавала выстаўка з маёй калекцыі, лялечны тэатр батлейка, які
паказвалі дзецям, — на спецыяльным маніторы ішоў пераклад на галандскую
мову, і прайшлі два канцэрты «Троіцы». Тое самае мы рабілі ў нямецкім
Дортмундзе, у іншых гарадах і краінах... А потым неяк усе праекты
прыпыніліся, і калекцыя шмат гадоў захоўвалася ў сяброў у Польшчы — на
ёй, атрымліваецца, яшчэ стаіць штамп «Вывезена з СССР», і з 1999 года
ўсё ніяк не можам завезці назад у Беларусь.
— У лялечнай «трупе» батлейкі, калі не памыляюся, 28 персанажаў. Ці ёсць сярод іх найбольш памятныя?
— Спачатку было меней, пачыналася праца з драмы «Цар Ірад». Але недзе
ў 1986—1987 гадах, збіраючы інфармацыю пра батлейку, я вырашыў зрабіць і
бытавыя сцэнкі, таму з'явіліся новыя героі: доктар і салдат, Адам і
Ева, чорт ды іншыя. У мяне былі лялькі вялікія, памерам у 80
сантыметраў, для выступленняў на плошчы, але тая батлейка засталася ў
Цэнтральным раёне Мінска, дзе быў цэнтр этнаграфіі, і ўжо, на жаль, няма
ў жывых тых мастакоў, якія рабілі гэтыя лялькі. Пазней ужо са
студэнтамі рабілі пастаноўкі адначасова з лялькамі і маскамі, таксама
недзе захаваліся сцэнарыі. Каб была асаблівая гісторыя з якімсьці
персанажам звязаная, не скажу, але помню адну дзіўную рэч. У 1999 годзе я
атрымаў грант Сораса і паехаў у пасляваенную Боснію і Герцагавіну 20
канцэртаў даў. Прыехаў у адзін дзіцячы садок, расклаў батлейку і
разумею, што мой сцэнарый ляжыць у машыне, а ўжо трэба пачынаць, і
прайсці цераз залу немагчыма — пад 400 дзяцей сабралася, усе чакаюць...
Што я там расказваў, на якія галасы — мне здаецца, калі б гэта запісаць,
то шмат хто пасмяяўся б. А яшчэ аднойчы выступаю, зноў жа ў Босніі і
Герцагавіне, а на першым радочку сядзіць хлопчык гадоў пяці і ўсе
беларускія песні, што я выконваю, падпявае... Як, адкуль? Бог яго ведае.
— Нядаўна «Троіца» была адным з хэдлайнераў ужо 10-га
фольк-фэсту «Камяніца». На ваш погляд, за 10 гадоў, што мінулі, у які
бок змянілася стаўленне і выканаўцаў, і слухачоў да музычнага фальклору?
Ці пачалі ім больш цікавіцца?
— Сказаў бы, што не вельмі. Вось мяркуйце: год ці два таму, казалі,
на фестывалі было каля сямі тысяч гасцей. Для двухмільённага Мінска
вельмі мала. А некалькі гадоў таму мы былі на найбуйнейшым фестывалі
сусветнай музыкі і танца WOMAD у Англіі, які патрануе Пітэр Гэбрыел, —
дык вось там было 65 тысяч наведвальнікаў. Так, нам часта прыхільнікі
пішуць, што пазнаёміліся на канцэрце «Троіцы», пажаніліся і цяпер ужо
слухаюць нас сям'ёй, што, канешне, прыемна. Але ці кола гэтых слухачоў
вялікае, дакладна не скажу, трэба больш у моладзі пытацца, наколькі ёй
цікава.
Замест эпілога
Пра кожную рэч іх гаспадар можа распавесці асобную захапляльную гісторыю.
— Ці ёсць краіны-мары, куды «Троіца» яшчэ не даехала?
— Японія, Кітай, магчыма Нарвегія. Чаму не? Але на сёння мы ўжо
напрацавалі штосьці, і ездзіць, як 5—10 гадоў таму, напаўгалоднымі ды
спаць на камянях ужо не хочацца, хочацца прадставіць краіну на ўзроўні.
Таму многае ўпіраецца ў грошы, як і пытанне з рэпетыцыйнай кропкай, якой
у нас дагэтуль няма. Будуць грошы — будзе плён.
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК