4 чэрвеня.
Наперадзе — Вільнюс. Таму — паспешлівыя зборы, таксі і цягнік.
Дарога ляціць стралой! І вось ён — старажытны і дарагі горад!
Пад музыку званоў уваходжу ў касцёл і ў думках звяртаюся да Усявышняга. Вочы разглядаюць залатую рызу Вострабрамскай Марыі. Сёння на яе твары чытаецца нейкі сум. Падаецца, яе прамяністае святло чысціць мяне з галавы да ног. Яна была так блізка! У гэтыя хвіліны пагружэння я быў узрушаны ад малітваў і разгляду Марыі. Чалавек такі слабы! Як дзіўна адчуваць у сабе ўздзеянне розных энергій: прыродныя — каля каскадаў — і духоўныя, хрысціянскія — тут, ля абразоў…
Але наперадзе была работа ў ЕГУ.
Гэтым разам у мяне былі шыкоўныя апартаменты: пяціпакаёвая кватэра на адзінаццатым паверсе. Праўда, у пакоях жылі дзве асобы. Я прадставіўся, сказаў, колькі дзён буду тут жыць, і засяліўся ў вольны пакой. З акна быў найпрыгажэйшы выгляд усходаў і захадаў сонца.
У мяне пяць дзён працы. Я прывёз шмат рэквізіту і вельмі хачу паспрабаваць з удзельнікамі абраду пласцінку, уплесці разам з тканінамі сімвалізм і магію Дабра, Любові і пакланення Продкам.
Я заварыў сабе чай і выйшаў на балкон. Вільнюс — зялёны горад. Тут іншыя аблокі. На Кургане я шмат медытаваў з аблокамі і нябеснай прасторай. Сколькі вобразаў намаляваў! А тут сцішыўся, бо бела-шэрыя аблокі загрувасцілі неба і віселі над прыгарадам.
5 чэрвеня.
5:45. Неверагоднае бяссонне! Сколькі думак, якія пагружэнні, якія ўспаміны! Не хвілінамі — гадзінамі! Дзе я? Што тут раблю?
Насупраць — будынак у дваццаць паверхаў, нагадвае прыгожы шматузроўневы лайнер. Плыве ў аблоках! Шкляныя балконы і агромністыя вокны, у якіх усё бачна…
10:20. У касцёл дабіраўся хвілін сорак. У капліцы былі адчынены вокны, і абраз Дзевы Марыі дыхаў свежым ранкам і чысцінёй. Людзей, якія маліліся, было няшмат. Я прайшоў чатыры колы пацерак за Продкаў. Потым устаў на калені і маліўся за здароўе мамы і Машы. Доўга “гаварыў” з Дзевай Марыяй пра свае праблемы. Золатам чысціў свой непаслухмяны застылы мозг.
Зайшоў у праваслаўны манастыр, пакланіўся Віленскім мучанікам, напісаў запіскі. Адкрылі мошчы, і вернікі пачалі прыкладаць да іх іконкі. Я таксама ўстаў у чаргу. Потым сеў і пачаў разглядаць іконы: Пачаеўская, Мікалай Цудатворац, Серафім Сароўскі, Панцеляймон Ацаляльнік. Падышоў да кожнай, прыціснуўся да халоднага шкла: “Дапамажыце!” У суботу — Троіцкія Дзяды, значыць, тут я не проста так.
14:30. З’ездзіў у касцёл Пятра і Паўла. Мноства твараў, фігур, скульптур глядзяць на ўсіх тых, хто ўваходзіць у храм, сваімі звыклымі позіркамі. Змяняюцца часы, сыходзяць людзі, а яны як застылі ў тым часе, так і жывуць у гэтым. Будуць жыць і ў іншым. Засяродзіцца на малітве перашкаджалі турысты: яны бегалі і шчоўкалі фотаапаратамі, шчоўкалі і бегалі! Толькі пару чалавек укленчылі. Я зноў адзначаў мноства розных дэталей. Вось пара літовак, вельмі стыльна апранутых. Вось сціплыя пенсіянеры. Бабулі з торбамі не такія, як у Беларусі. Вось і гучная моладзь — гонар на тварах і не пустыя вочы. Ёсць і “бамжы”, але яны падобны на нашых. Учора бачыў двух мужчын ля кантэйнераў са смеццем. Дык у іх — банкет на ўвесь свет! Нават слоікі з агуркамі і сумкі адзення…
21.40. Са студэнтамі гаварыў пра магію Купалля, пра ведзьмаў, пра энергіі, пра пляцоўку і тое, як яна павінна выглядаць. Як бачна, гэтая інфармацыя была для іх новай. Закранулі і любоўную магію, прывароты. Што можна ўключыць у дэманстрацыю, а што нельга. Працавалі паводле сцэнарыя, і было бачна, што яны стаміліся ад такога націску кіраўніка. Але месцамі ўсё глядзіцца даволі прыстойна, рытуальна. Шкада, заўтра частка студэнтаў з’язджае, і мы будзем глядзець толькі “відэа”...
...Працяг. Частка 2.
Іван Кірчук. "Залатыя горы".
Дождж і вогненны захад. Што за фарбы? Пра што мне піша неба гэтымі знакамі? Што нас чакае? Чаму менавіта гэты колер сёння галоўны на нябеснай палітры?
6 чэрвеня.
6:15. Ноччу нехта засяляўся, тупаў, грукаў дзвярыма. А я ўсю ноч займаўся абрадам: расстаўляў рэквізіт, рабіў рытуальную паляну, збіраў трэбы, распальваў мноства вогнішчаў.
Худая, як поп-зорка, падушка ды лёгкая, але чужая коўдра не давалі сну! А 2 гадзіне сеў маліцца на пацерках. Уяўляў дзве энергіі Роду: мужчынскую і жаночую. Чаму я так маліўся? І менавіта тут… Не ведаю.
Мне трэба сур’ёзна падрыхтавацца да Купалля. У галаве мільгаюць нейкія новыя сцэны: з расой, агнём… Трэба пачытаць загаворы, спаліць у агні ўсё дрэннае…
10.50. Капліца радавала чысцінёй і прахалодай. Я сеў за малітвы. Звыкла — чатыры кругі пацерак.
Зайшоў у касцёл і замовіў службу за бацьку, дзеда Казіміра, бабулю Кацю, дзеда Тамаша і бабулю Паўлінку. А другую замовіў за здароўе Машы, Алы, мамы і сябе.
Потым зайшоў у манастыр. Там былі ўсталяваны сталы і гарэла шмат свечак. Я набыў шэсць, запаліў іх у гонар Продкаў. Калі верыць адной відушчай з Масквы, у мяне ў Родзе былі праваслаўныя. Маліўся каля свечак, прасіў Усемагутнага дараваць грахі майму Роду.
Холадна, трохі пагуляў па старым горадзе. Польская, французская, італьянская гаворкі, перакладчыкі. Чародкі турыстаў. Крамы радуюць багаццем, але нічога не магу прачытаць…
15.30. Змяняецца надвор’е і змяняюцца планы. Хтосьці ўжо перашкаджае? Я сядзеў, рыхтаваўся “вешаць”, маляваў. Але патэлефанавала Алёна, сказала, што дзеці раз’ехаліся і што працаваць будзем толькі заўтра, і тое пасля 18.00.
У кватэры каля мяне блукала лянота, адзінота. Усё! Бегма — у горад!
19.55. Цэнтр горада зацягнуў мяне ў людскі вір. Я стаў разглядаць і вывучаць усё! Каля катэдры фатаграфавалася вяселле. Іх разглядалі замежнікі і таксама фатаграфавалі. Маладыя губляліся на гэтай агромністай плошчы. Я падумаў: “Навошта трапляць пад прыцэлы сотняў вачэй? Тут жа — натоўпы турыстаў”. Але ці ж думаюць аб гэтым маладыя? Ім так хочацца пахваліцца шчасцем. Я зайшоў унутр. Пагрузіўся ў малітвы, і хутка пачалася служба на літоўскай.
Ішоў уздоўж берага ракі Нёман. Успаміналіся нейкія моманты жыцця. Шкадаваў пра многае. Зараз хацелася правесці дзяцей па гэтых святынях, каб жыла наша родавая традыцыя пілігрымаў...
...Працяг. Частка 3.
Іван Кірчук. "Кола".
6 чэрвеня.
19.55. Язычніцкая гара. Тры агромністыя крыжы ўскінуліся ў неба. Яны — быццам вялізныя грыбы, якія выраслі з адной грыбніцы! Я падымаўся на гару з цяжкасцю: ці то ад дажджу, што размыў сцежкі, ці то ад сваёй унушальнай вагі. Там навокал сядзелі парачкі. Моладзь “гудзела” з півам. І гэта на такім рытуальным месцы?
Я тры разы выліў накрыж ваду на зямлю, пасля паклаў кавалкі хлеба, запаліў свечку. Ніхто не казаў мне, што і як рабіць. Я рабіў гэта, быццам ведаў усё здаўна. Свячу задзьмуў вецер. Мне здалося, што Душы гэтай гары прыляцелі да трэбаў. Я не пайшоў да лесвіцы, дзе сядзела моладзь, а пачаў спускацца з гары па стромкай сцяжынцы. Ішоў і маліўся. То на польскай мове, то на рускай. Я адмольваў сябе? Ці родных? Ці чужых? Ці таму, што сёння — Троіцкія Дзяды? Не ведаю…
22.30. Завяршаецца дзень. І зноў стужка часу падхоплівае Душы, якія так блізка дакрануліся да зямлі, і ўносіць у нябесную Пространь. І мяне таксама так будзе круціць потым? Мабыць, так — калі нехта ўспомніць і памоліцца…
7 чэрвеня.
6.15. Бліжэй да ночы кватэра напоўнілася жанчынамі. Яны гаманілі, а я ад гэтага адвык. Наліў сабе кубачак чаю і сышоў, не ўнікаючы ў размовы, у якія ім яўна хацелася мяне зацягнуць. Ноч — не ў сваім пакоі, не на сваім ложку. З гадамі адчуваеш адрозненне. Цягне ў сваю келлю і асабліва на Курган.
11.50. Вось табе і Тракай, а я планаваў з’ездзіць! Дождж лье так, што я наскрозь мокры. Але ў Бога на мяне быў яўна іншы план.
У Вострай Браме была “пілігрымка” і малады ксёндз вёў службу. Я засмуціўся, што ўсё ідзе не па маім плане. Служба хутка праляцела, я ўзяў крэсла, сеў і заглыбіўся ў малітвы. Пасля кожнага круга пацерак прасіў Дзеву Марыю дастукацца да Бога і прабачыць усе памылкі і грахі Роду. Потым я доўга блукаў па крытым рынку ў спадзяванні, што дождж спыніцца. Але быў лівень. Я піў каву, глядзеў ТБ, дзе выступалі літоўскія “папсавікі” і цёмныя “гаваруны”.
Нарэшце я зноў у сваім часовым жыллі. Чай, трускаўкі. Вадзяныя слупы стаяць далёка-далёка за лесам. Ці то Троіцкія Дзяды так паліваюць зямлю слязьмі, ці то Неба чысціць Зямлю, пагружаючы людзей у разважанні.
Вялізныя выпарэнні падымаліся з лесу. Яны нагадвалі мне агромністых жырафаў, якія павольна плылі па-над мокрай лістотай. Выцягнулі празрыстыя шыі, выстраіліся ў нейкі рытуальны ланцуг і скіраваліся на захад ад Вільні.
8 чэрвеня.
Свяціла сонца, і горад шумеў. Я блукаў сярод шапікаў, захапляўся вянкамі бурштыну, разглядаў падарожных, любаваўся вернісажам каля царквы. Раптам сустрэў Алену, і яна завяла мяне ў капліцу Святой Фаўсціны. Тут я і прымёрз, натуральна!..
...Працяг. Частка 4.
Іван Кірчук. "Рыбы".
2009 год. 8 чэрвеня.
...Касцёл быў у сучасным будынку, я нават сказаў бы — у жылым доме. Замест звыклага алтара вісеў агромністы абраз Хрыста. Я шмат бачыў падобных абразоў, але гэты быў моцны, яркі, незабыўны! Промні — вось што адрознівала яго ад іншых. Яны нагадвалі мне яркую, светлую піраміду святла, якая зыходзіла з-пад пальцаў Хрыста. Мне здалося, што святло рухаецца, і я ўвайшоў у транс. Да пачатку службы ўключылі святло, і Абраз яшчэ больш ажыў! Гэта было здорава!
Была літоўская служба, гітара і святары ў нейкіх дзіўных белых адзеннях. Я пасядзеў побач з манашкай, якая спявала на літоўскай мове і праводзіла пальцам па тэкстах. Думала, што я літовец? Узрушаны ўбачаным, выйшаў на вуліцу.
Я павінен абавязкова прыйсці сюды яшчэ раз і набыць Абраз на памяць аб такім Моцным, Святым Месцы. Дзякуй, Вільня! Сколькі ж святынь у табе?..
21.30. Завяршыў падрыхтоўку да свята, склаў сцэнарый, усё адрэпеціраваў. Паглядзім, як гэта спрацуе на возеры. Захацелася сабраць інфармацыю аб месцы, дзе будзе адбывацца Купалле, аб возеры. Можа, ёсць нейкая легенда і г.д. Ёсць задаволенасць ад працы, будзем спадзявацца на надвор’е і поспех.
Я пад уражаннем сустрэчы з Хрыстом! Так, быў момант, які зараз шчыльна сядзіць у мозгу. Я маліўся Хрысту, прасіў дапамогі ў жыцці, калі раптам яскрава пачуў Яго словы: “А язычнікі?” І адбылося азарэнне! Я ж, сапраўды, перамяшаў усё: рэлігіі, магію, вераванні, рытуалы! Паспрабаваў ізноў маліцца, але зноў пачуў: “А язычнікі?” Што я раблю ў Вільні? Рытуал ці спектакль? Падаецца, не разабраўшыся ў каталіцызме (а я хрышчаны ў касцёле), я ўлез у язычніцтва! Значыць, я нармальна ні да чаго не падключаны? Я нічога ні ад каго не атрымліваю? Гэта я пра Сілу і Энергіі…
У думках я спускаўся ў тоўшчу часоў, да далёкіх Прашчураў — Чураў, які веравалі ў Сонца, Ваду, Агонь. У язычнікаў такія прыгожыя тэксты, гэта так заўжды прабірала! Дзве тысячы гадоў хрысціянства не зачынілі моц і сілу Прыроды. Але Стваральнік, Тварэц Свету быў да Хрыста! Што тут пачалося ў маёй галаве! Я ж настроіўся амаль на язычніцкі абрад “Купалле”!..
...Працяг. Частка 5.
Іван Кірчук. "Дрэва міру".
Хто тут, на зямлі, кіраваў мільён гадоў таму? Што гэта за матэрыя была? Паважаю і кланяюся таму, што ёсць. Але як цяпер жыць, калі я пачуў Хрыста? Як выкрэсліць з галавы ўсё, што ўвабраў? Я што — павінен зрабіць нейкі выбар? Госпадзі, можна я вазьму пакрыху лепшага? […] Свет адзіны. Шматлікі і адзіны. І я хачу пранікаць усюды! Зачэрпваць веды і выкарыстаць іх на дабро. Ці ўсё-ткі павінен вызначыцца, паколькі хрышчаны? Бацькі вадзілі мяне ўсё жыццё ў касцёл. Я начытаўся пра язычнікаў, свабодна ўваходжу ў іншыя храмы, лёгка чытаю і праваслаўныя малітвы, і загаворы. […] Я заблытаўся. Можа, таму мне не так шанцуе па жыцці? Можа, таму столькі правалаў, падзенняў ды пакаранняў? […]
9 чэрвеня.
6.45. Я ў вагоне. Адзін у купэ — шчасце! Найпрыгажэйшы ўсход сонца і добрае надвор’е. Вязу дадому слёзы дажджу над курганамі Вільнюса. Гледзячы ў акно, я раскручваў свае ўспаміны да гарызонту. У грук колаў траплялі словы: “Было, было, было…” За “літоўскі” этап майго жыцця не сорамна. Я духоўна вырас у аўры Вільнюса, у гаючых вібрацыях Літвы! З цяжкасцю я прывозіў сюды свае — беларускія вібрацыі. Не ўсе вытрымалі. З дваццаці студэнтаў толькі шэсць гатовыя да Купалля. Сваімі песнямі і рытуаламі я трывожыў амаль язычніцкае нутро Літвы. Нягледзячы на мноства храмаў і касцёлаў, Літва пульсуе старажытнымі токамі язычніцтва. Я маліўся, чытаў замовы, прыносіў дары на язычніцкай гары, пачуў голас Хрыста. І як быццам атрымаў дазвол правесці свята. Ці паказаць спектакль? Так я і не вызначыўся… Разумею ўсю адказнасць правядзення такога свята на літоўскай зямлі. Але гэта мой доўгачаканы абрад. Я буду думаць, буду рыхтавацца, выбудоўваць усё да дробязей. Не хачу пакрыўдзіць ні гэту зямлю, ні гэту аўру. Хачу годна прадставіць беларускі фальклор.
11 чэрвеня.
Цяжка весці споведзь пасля Вільнюса… Я ўвесь час цяпер успамінаю пра тое, што спытаў Ісус: “А язычнікі?” Як цяпер паступаць? Ва ўсім…
Добра: праваслаўныя іконы я адвязу на Курган і пасля, калі яны мне не спатрэбяцца, аддам у царкву вёскі Радзівонішкі. Магу не чытаць праваслаўныя малітвы. Хаця прыгожая малітва арханёлу Міхаілу, і абраз яго цяпер у мяне над галавой у вялікай прыгожай рамцы. Тады магу на Купалле ў Вільнюсе адмовіцца ад усіх “язычніцкіх” зваротаў. […] Але што рабіць далей? Бо ў галаве за гэтыя гады такі замес! Тут і абрады, і святы, і праца з энергіямі, і замовы, і магія! […]
Я стаю на скрыжаванні. Самае цяжкае — навесці парадак у сваёй галаве… Думкі, думкі, думкі…
12 чэрвеня.
Дождж затрымаў
маіх студэнтаў-завочнікаў, і мы акунуліся ў “відэа”. Тут зноў мільганулі
язычніцкія святы, тэатр “ДахаБраха”, джазавыя музыканты. Мы глядзелі,
слухалі, абмяркоўвалі. Групы вельмі моцныя. Распяваюць мелодыі хутка,
прыгожа. Я бяру барабан і мы натуральна, да “мурашоў”, уваходзім у транс
пад песню “Ой, бяроза белая…” Мілыя твары, дарослыя цёткі, якія сумуюць
па мужах ды каханых. “Дабіваю” іх яркімі, тэмпераментнымі
музыкантамі-барабаншчыкамі з
Малайзіі з усмешкамі і гумарам.
Сёння еду на Курган. Мама будзе ўжо там — добра. Таму сёння з “Троіцай” прайграем праграму на Люблін, я прыму пару залікаў і бегма з горада!..
...Працяг. Частка 6.
12 чэрвеня.
21.00. Ва ўсю гаспадарыць дождж! Што рабіць? Тэлефанаваў маме, каб не выязджала, але, пакуль дабраўся з універсітэта, яна ўжо, напэўна, выехала. У дождж!
Сёння правёў “рытуальныя спевы” ў новай групе завочнікаў. Група моцная, добрая. Увогуле, ідуць магутныя завочнікі, і з імі вельмі цікава працаваць. Студэнты павінны атрымліваць новыя цікавыя заданні, і я напоўніцу стараюся!
Праз пару гадзін я памкнуся ў ноч, каб раніцай сустрэцца з мамай. Потым вярнуся на Курган толькі напрыканцы месяца. Але тут ужо збіраецца цэлая кампанія! Радуе тое, што я распісаў амаль два месяцы: свае паездкі, рэпетыцыі “Троіцы”. Буду заняты.
15 чэрвеня.
У пятніцу я ўпаў на верхнюю паліцу! Заплечнік, поўны правіянту і сувеніраў, — пад галаву. Колы стварылі мілую калыханку, і я праваліўся ў сон.
Ліда атрымала эстафету ад Мінска, і слёзы Неба меланхалічна падалі на рэйкі. Праз сорак хвілін я драмаў у дызелі. А праз паўгадзіны рухаўся па сцяжынцы, што вяла да дома, у якім спала мама. Як здорава, калі цябе чакае мама! Я маліўся Нябёсам, каб падарылі нашай сустрэчы надвор’е!
І вось я на Кургане…
Дождж знікае, як па ўзмаху нейкай цудадзейнай палачкі, і мы з мамай працуем, размаўляем ды шкадуем, што галоўны “кухар” Міша — у Мінску. Мама кідаецца ў “бой” з пустазеллем. Я важна бяру касу: участак зарос. Мой першы закос, дакладней — “абрыў” травы. Высветлілася, што касу яшчэ трэба кляпаць, і па нашай просьбе мясцовы дзед панёс яе на свой падворак.
У суботу вечарам, купаючыся ў сонечных промнях, мы вярнуліся ў Ліду. Я планаваў начаваць на лецішчы, але мама папрасіла пабыць з ёю.
У нядзелю было свята — “Божэ Цяло”. І быў хрэсны ход да алтароў, якія выставілі на вуліцы. Я ўпершыню прайшоў усё з мамай.
Натоўп поўз па лідскіх вулачках. Дзесьці далёка наперадзе з хрыплага дынаміка даносіліся тэксты песняспеваў. Народ падхопліваў і ішоў. Мама трымалася за мяне, бо дрэнна сябе пачувала. Пасля рынку ў яе ёсць сілы? Заўжды ўражвае старое пакаленне! Мы яўна слабейшыя…
Лідскае надвор’е было неблагім. Адкрываліся нейкія белыя абшары сярод шэрых хмар і ішоў дождж. Мама, як малое дзіця, ірвалася чамусьці наперад, да ксяндзоў. Магчыма, па звычцы, бо сорак гадоў яна была харысткай у гэтым касцёле. Былі моманты, калі гэтая яе стараннасць, прывязанасць да таго, што сышло, вярэдзіла маю душу. Але гэта мая мама — старэнькая, хворая. І мне патрэбна цярпенне да яе. Заўжды.
Тут, у шэсці ад Алтара да Алтара, — усе роўныя. Як у іншым Свеце, дзе няма кватэры, няма машыны. Галоўнае — твае думкі, вера. Усё ў гэтым хрэсным ходзе было ў нейкім варыве малітваў, просьбаў, песняспеваў, ладану, званоў. Нехта проста станавіўся на калені на асфальт ці траву, маліўся. Мы — розныя, але ўсе ідзём у адзін бок. Да “Божага Цела”…
Шмат розных думак…
15 чэрвеня.
[…] Калісьці на адзін з алтароў бацька прынёс маю кашульку і прасіў, каб Бог пакінуў мне жыццё. Прайшло паўстагоддзя. А як я пражыў гэтыя гады? Яны, як жгуты, як канаты, што скручаны са слёз, памылак, няўдач ды хвароб. Жыў бы добра, і не было б так сцята горла. Сэрца без грахоўных кайданаў білася б па-іншаму. Вось дзе праўда: мы самі “кавалі” свайго шчасця. На кавадле Лёсу і загартоўваешся, і молатам не адзін раз атрымаеш. Ды ржавееш дзе-небудзь у куце кузні, як непатрэбны, лішні кавалак металу, што аджыў сваё... […]
24 чэрвеня.
[…]
Арганізацыя фэсту адсутнічала: да месца выступлення мы дабіраліся на маршрутным таксі, потым з рэчамі і сумкамі ішлі каля трох кіламетраў. У лесе былі сучасныя прыгожыя пабудовы, крытая сцэна і вылізаныя палянкі. Дзе збіраць кветкі? Дзе планаваць рытуальную паляну? Яшчэ і дождж імжэў…
Але ўсё атрымалася. Знайшлі паляну, разбілі лагер. Нам дазволілі запаліць вогнішчы і далі дзесяць паходняў. Гадзіны дзве-тры рыхтаваліся. Я нават паказаў хлопцам некалькі практыкаванняў для дыхання і набору энергіі... […]
Сцямнела і народ пацягнуўся да рытуальнай паляны. Я запаліў вогнішчы, паходні, а маленькія свечкі мігцелі па коле. Узяў валынку і заспяваў. Потым пацягнуліся дзяўчыны з тканінай.
Канцэрт прайшоў паводле плана. Чадзілі паходні, дымілі вогнішчы, і вачыма дзікіх звяркоў глядзелі на цёмны лес маленькія свечкі, схаваныя ў мох. Дзейства, маскі, тканіна закручвалі гледачоў. Мае песні-загаворы, песні-абярэгі гналі па спінах слухачоў мурашак. […]
Іван Кірчук. "Дзяды-жрацы".
26 чэрвеня.
У 6:00 я ўжо піў чай.
Потым сон зваліў мяне ў кватэры, дзе былі раскіданы ўсе рэчы, увесь мокры рэквізіт і вільготная, як анучка, валынка. Яна выканала сваю місію, яе гукі страсянулі і шматгадовыя сосны, і курносыя яліны…
Але галоўнае — я вызначыўся з верай. Я — каталік, быў хрышчаны. І шмат гадоў мой кантакт з Усявышнім быў згублены. Проста не дацягваўся да Яго ні ў думках, ні ў просьбах, ні ў малітвах. Нас раздзялялі нейкія рытуалы, амулеты і іншыя тэксты, іншыя храмы. Цераз гэтыя пласты часу, ведаў, Усявышні, мажліва, мяне бачыў, але не чуў.
Цяпер я зразумеў адно: магу рабіць пастаноўкі, якія хачу. Браць розныя язычніцкія тэксты, паказваючы ўдзельнікам прыгажосць слова, старажытную веру ў магію, рытуалы і г.д. Хай яны нават нагадваюць сапраўдныя рытуалы і старажытныя святы язычнікаў. Але сёння вера свая — каталіцкая. І яна павінна быць унутры. У маёй таямніцы, без выпінання… Цяпер трэба будзе шмат папрацаваць, каб аднавіць страчаную сувязь. Ёсць яшчэ пытанне па мностве праваслаўных ікон, якія акаляюць мяне дома. Але, думаю, усё гэта вырашыцца з Божай дапамогай.
Іншыя храмы, цэрквы, манастыры магу наведваць як турыст, які цікавіцца рэлігіяй іншых народаў. А Боская Энергія, Боская Сіла могуць быць са мной усюды і заўжды. Вось такія з’явіліся думкі… […]
(Усе часткі публікацыі