Напярэдадні прэм’еры сваёй новай сольнай праграмы
“Дарожка мая” Іван Кірчук даў інтэрв’ю Budzma.org, у якім расказаў, як
варта абыходзіцца з магіяй і чарамі, як трапіць у стан трансу, ды
патлумачыў, якую шкоду нанесла беларусам праграма “Запрашаем на
вячоркі”.
— Іван Іванавіч, вы і раней выходзілі на сцэну з сольнымі
праграмамі. Чым “Дарожка мая” адрозніваецца ад вашага “Святога вечара”
ці “Варажбіта”?
— Хачу адразу заўважыць, што калі я прадстаўляю сольную праграму,
гэта не значыць, што з “Троіцай” нешта не так. “Троіца” існуе, можаце
зайсці на сайт, пабачыць наш графік. А першы свой сольны канцэрт я даў у
1999 годзе ў Босніі і Герцагавіне. З таго часу і пачаліся пошукі: як
прадставіць народную песню і тыя інструменты, якія ёсць у маёй калекцыі.
Праграма “Святы вечар”, пра якую вы згадалі, рыхтавалася ў 2002 годзе з
Таццянай Песнякевіч з Беларускага радыё. У ёй былі паказаныя песні,
прымеркаваныя да Калядаў, з тлумачэннямі. Яна была невялічкая — на 25
хвілін недзе. “Варажбіт” паказваўся ў 2003 годзе, гэта монаспектакль,
які моцна захапіў мяне матэрыялам. Я начытаўся літаратуры і наглядзеўся
відэа пра розныя славянскія сістэмы аздараўлення, магіі і чараў на
паганскіх сайтах і зразумеў, што такое можа існаваць і ў Беларусі. Мэта
была паказаць беларускі дух, які валодае ўсёй гэтай інфармацыяй.
Праграма доўжылася 45 хвілін. За гэты час я праходзіў вялікае кола, браў
удзел у розных абрадах і святах, і там гучала таксама шмат музычных
інструментаў. Гукі, звязаныя з перкусіяй і шумамі, мне дапамагаў рабіць
з-за сцэны Юры Паўлоўскі, а мая студэнтка Яніна Рудніцкая чытала
фрагменты старадаўніх замоваў.
За 10 гадоў шмат чаго змянілася, у тым ліку і мой погляд на некаторыя
рэчы. У новай праграме “Дарожка мая” я ўжо не ўвасабляюся ў Духа, а
проста бяруся паказаць шлях чалавека ад яго нараджэння да смерці і
далей. Гэта рытуальны тэатр. Я падзяліў усю праграму ўмоўна на 12 частак
— “Анёл”, “Залатыя ключы”, “Розгары”, “Царыца-вадзіца”, “Чары”,
“Вогненная рака”, “Рай”, “Божы дар”, “Пан усяго свету”, “Зямля-маці”,
“Ігрышчайка” і “Продкі”. У кожнай з частак будзе адбывацца пэўная дзея і
будуць гучаць інструменты, якія я падабраў. Было б добра яшчэ на кожнай
частцы пераапранацца, але час не дазволіць, таму буду выкарыстоўваць на
сцэне розныя маскі і галаўныя ўборы. 70 хвілін будзе доўжыцца дзея.
— Вам нехта будзе дапамагаць?
— Не, вырашыў працаваць адзін. Арганізатар канцэрта Павал Кашырын
прапанаваў зрабіць праграму юбілейнай, да майго 55-годдзя — з музыкамі,
гасцямі, каб падыходзілі, віншавалі і спявалі песні. І я яму адказаў:
ведаеш, там настолькі цэльна ўсё, што я больш нікога на сцэне не бачу. Я
год рыхтаваў сцэнар да яе. Ён нараджаўся падчас вандровак з “Троіцай”.
— Вашы ранейшыя сольныя праграмы не былі выдадзены на CD ці DVD.
Вам не крыўдна, што ўсё гэта знікла? І ці збіраецеся запісваць “Дарожку
маю”?
— Ну, фотаздымкі захаваліся на ўспамін… Я разумею, што такі шлях музыкі.
Я з цягам часу разумеў, што трэба рабіць, каб зацікавіць людзей,
трымаць іх увагу. Напрыклад, той сольны канцэрт у Босніі быў у
рок-клубе, і пасля першай кампазіцыі гледачы пайшлі піць піва. Падчас
паказу працягу “Варажбіта” ў Заслаўі ўжо было па-іншаму, калі працавалі
маскі, рэчы, звязаныя з элементамі магіі і якія можна паказаць. А тое,
што гэта не запісана і не выдадзена, — не бяда. Я думаў зрабіць фільм
пра Варажбіта, які б здымаўся цягам года, каб у ім паказаць гэтага
Дзеда, які валодае ўсёй інфармацыяй ад продкаў і можа перадаць веды
дзецям, але гэта ж вымагае сродкаў. Мы на альбом “Троіцы” з такой
цяжкасцю збіраем грошы… І калі запісваць, то запісваць як “Зімачку”, а
не з нейкага мікрафона ў лесе.
— Вы выкарыстоўваеце спевы, якія самі запісалі ў этнічных экспедыцыях. А можаце прыгадаць самую першую паездку?
— Так, я ёй вельмі даражу. Гэта было ў 1983 годзе. Мяне туды ніхто не
заганяў, проста было цікава. Мы паехалі ў Любанскі раён, мне сказалі,
што там бабуля спявае — Пелагея Міхайлаўна Шмялёва. Я да яе прыйшоў з
магнітафонам, пытаю: ці ведаеце песні? І яна ў дзесяць раніцы пачала і ў
гадзіну ночы скончыла. Гэта былі песні яе маці. Я запісаў тады больш за
100 песень толькі ад яе. Уразіўся, як чалавек можа запомніць столькі
матэрыялу. Творы гэтыя былі выкарыстаныя і маімі студэнтамі, і
“Троіцай”. Таму што ў іх найпрыгажэйшыя мелодыі і выдатныя тэксты. А ў
апошнюю па часе экспедыцыю мы ездзілі ўжо з “Троіцай” — у вёску
Міхалкавічы, Лагойскі раён. Там жыла бабулька 92 гадоў. Яна гадзіну
пяяла песні, а яшчэ гадзіну казала вершы і малітвы.
— Ці ёсць сэнс цяпер выпраўляцца ў этнічныя экспедыцыі?
— Студэнты ездзяць і цяпер і прывозяць багата матэрыялу. Самае
складанае тут — адабраць тое, што павінна гучаць. Таму што як я трапіў
аспірантам у Акадэмію навук, там было 20 шафаў, у якіх стаялі шэрагамі
магнітныя стужкі. У мяне і свой архіў ёсць, пад 100 бабін. І выбраць з
гэтага ўсяго тое, што ляжа на аранжыроўку, вельмі няпроста. Я працягваю
шукаць песні, хоць мог бы выкарыстоўваць ранейшыя, як тое робіць
“Альтанка” і “Фольк-машына” (праекты ўдзельнікаў першага складу “Троіцы” — заўвага С.Б.),
якія выконваюць тыя ж песні, якія былі ў “Троіцы” ў 1995 годзе.
Матэрыялу хапае, калі вы самі не можаце паехаць у экспедыцыю, то можна
звярнуцца на рэспубліканскае радыё ці да 40-томнага выдання “Беларускай
народнай творчасці” з музычнымі прыкладамі.
— Як вы самі адбіраеце з гэтага масіву тое, што вам трэба?
— У мяне неяк быў адпачынак зімовы на месяц, і я вырашыў за гэты час
праслухаць усе свае бабіны. І ведаеце, трапіў у такі стан трансу. Бо
ўключыў рана, есці — не еў, хоць сястра нешта прыносіла. Апынуўся ў
шахце часу. Песня гучыць — і я адзначаю: тут добры тэкст, тут мелодыя,
гэта столькі метраў на бабіне…Месяц сядзеў, каб усё адслухаць і
пазначыць.
— Вы ўздымаеце старадаўнія пласты, каранёвы беларускі фальклор.
Але цяпер у вёсках могуць не ведаць тых даўніх песень і наспяваць нешта
ўжо з сучаснага фальклору, які ўжо зусім іншы. Як вы ставіцеся да гэтых
прыкладаў — песень пра брыгадзіраў ды старшыняў, пераробак расійскіх
шлягераў на свой манер і падобнага?
— У гэтым вельмі “дапамагло” тэлебачанне ў свой час. Напрыклад, былі
такія праграмы “Запрашаем на вячоркі” і “Спявай, душа”, у якіх зусім не
тое паказвалася, што трэба, што насамрэч было ў вёсцы. Бабулькі і
калектывы гэта ўсё бачылі і думалі: а навошта старая песня? Мы на
Століншчыну прыехалі, прашу нешта паспяваць, а мне — “Цячэ вада ў ярок”.
Кажуць, ну гэта ж па тэлебачанні цяпер. Прашу згадаць, што маці
спявала. Трэба аддаць час, і можна выцягнуць старыя рэчы. Я калі
аспірантам паехаў, мне сказалі знайсці казку пра цмока, а я знайшоў
песню і быў яшчэ болей задаволены. Гэты спеў увайшоў у дыск “Спадчына
загінуўшых вёсак”. Галоўнае ведаць сваю мэту, і тады знойдзеш.
— Як вы самі прымаеце прыклады “новага фальклору”?
— Тут нічога не зменіш. Я такога не выкарыстоўваю нават са
студэнтамі, бо яны і без мяне такое пачуюць. Калі не было тэлебачання і
радыё, песня была як дыямент, яе ніхто не чапаў. А цяпер бачна, што шмат
якія калектывы маюць адзін і той жа твар, чаго раней не было. Цяпер у
кожным калектыве ёсць цымбалы, гармонік, дудка, барабан ды яшчэ
харэаграфічная група можа быць. І можа быць так — адзін куплет спяваюць,
два куплеты танчаць. Так і не распазнаеш, з Гарадзеншчыны гэта калектыў
ці з Віцебшчыны. Можа, нехта і захаваў свой твар, але такім вельмі
складана. Яны выйдуць і пачнуць спяваць сваё, а рэжысёр ім скажа: гэта
нудна, давайце што-небудзь павесялей. І ўсё — пойдзе праграма
аднолькавых песень. Мы доўга шукаем матэрыял, які можна вынесці на
сцэну. І ведаеце, з гадамі такія песні яшчэ больш прабіраюць людзей.
Размаўляў Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч