Вядомая і невядомая «Троіца»
Алесь Зайцаў, для ТГ
Вядомая і невядомая «Троіца»
| 31.05.2010 |
На
канцэрце 30-га траўня этна-трыё «Троіца» прадставіла беларускім
слухачам сваю канцэртную праграму «Траецкая сустрэча», большасьць твораў
у якой сталі прэм’ернымі і ўвойдуць у наступны альбом музыкаў. У залі
былі вольныя месцы, што хутчэй сьведчыць ня столькі пра агульную
запатрабаванасць калектыву, сколькі пра тое, насколькі мы цікавімся
сваёй музыкай, ці дакладней наколькі гатовыя плаціць за яе. Кошт квітка ў
50 тысячаў рублёў адштурхнуў частку цікаўных.
Іван Кірчук на тое толькі
зазначыў: «Мы разумеем, як складана сёньня зрабіць канцэрт
беларускага гурта ў Беларусі. Калі хтосьці з замежжа прыяжджае, то
заўсёды поўныя залі і квіткі там іншых грошай каштуюць». Лідэр
этна-трыё паведаміў, што музыкі рыхтуюцца да запісу новага альбома ў
краіне, дзе яны яшчэ не запісваліся. Значыць, гэта не Галяндыя, ня
Польшча і не Беларусь.
Пачатак канцэрту пакінуў дзіўнае ўражаньне
— тая самая моцная містычная энэргетыка, якая ўласьцівая выступам
«Троіцы», нібыта адсутнічала. Падавалася, што нешта не заладзілася і
псавала атмасфэру канцэрту. Сваю ролю тут адыгралі і фатографы, якія
пачуваліся на сцэне на роўных з музыкамі. Прынамсі, адчувалася, што
Кірчуку было ня надта ўтульна. Але ж сцэнічны досьвед узяў сваё. Празь
нейкі час усё стала на свае месцы, і музыка ахапіла прысутных як на
сцэне, так і ў залі, не адпускаючы аж да трэцяга бісу.
Чарадзейны
вобраз стварала атрыбутыка, што выкарыстоўваў Кірчук. На працягу адной
песні маглі зьмяняцца некалькі інструмэнтаў у яго руках — дудкі,
акарыны, струнныя інструмэнты, пэркусійныя прылады, што падобныя больш
да амулетаў.
Трыё пры ўсёй арыгінальнасьці і незвычайнасьці нават
ў звыклым сваім гучаньні і стылістыцы, усё ж не цураецца экспэрымэнтаў,
пра што сьведчыць хаця б апошні альбом калектыву. Здавалася б, у ім
музыкі далі «жару» настолькі, што чакаць нечага надзвычайнага ўжо не
даводзіцца. Але новыя кампазыцыі з праграмы «Траецкая сустрэча»
пакідаюць уражаньне руху наперад, як бы ні дзіўна гэта гучала. Такія
ўражаньні зьявіліся падчас прэзэнтацыі лірычнай кампазыцыі «Як з
двара», у якой гучала цытра, што па выглядзе нагадвала цымбалы,
толькі меншыя па памеру. Юры Дзьмітрыеў граў на ёй пры дапамозе
слайдэра і барабаннай палкі. У спалучэньні з астатнімі містычнымі гукамі
стварылася атмасфэра сапраўднага касьмічнага эмбіенту.
Сярод
новых твораў былі і рокавыя, месцамі нават у стылі хард-кору гітарныя
рыфы, экспэрымэнты з рытмамі, працятыя энэргетычным, рэзануючым голасам
Кірчука. У гэтым і ёсьць унікальнасьць і майстэрства этна-трыё «Троіца».
Яны стварылі свой стыль, але не стаяць на месцы. Яны разьвіваюцца, але
такім чынам, што нават незаўзяты слухач, пачуўшы першыя гукі
новастворанага, скажа, што гэта «Троіца», нашая беларуская «Троіца».
Алесь
Зайцаў, для ТГ
|