Пад стогадовым пылам у далекіх вёсках экспедыцыя адкапала тое, за чым прыехала. Шукаць давялося не доўга – багацце самое ішло ў рукі. Усё дакументальна зацверджана телевізійнікамі: Іван Кірчук выехаў у глыб Палесся, каб знайсці сваю спадчыну. Сваю, маю, нашу. Цяпер яна цалкам рэальная, яе нават можна патрыматць у руках у выглядзе кампакт-дыска. Таму што для Кірчука галоўнае багацце, спадчына і самы дарагі скарб – добрыя забытыя песні.
Яму іх наспяваў просты вясковы дзед Іван Вярэніч. Пра яго Кірчук даведаўся ад свайго вучня па педінстытуце. Каго можна здзівіць вясковымі песнямі? Сапраўднага знаўцу. Іван Вярэніч столькі ўсялякіх песень ведаў, што лідар самага моцнага этна-гурта Іван Кірчук адчуў: нельга губляць час, усё абавязкова трэба запісаць. Сабралі экспедыцыю – і паехалі. Потым па Беларускім тэлебачанні паказалі фільм пра тое падарожжа ў вёску Відзібор. Але знойдзенныя песні ўсё роўна былі як “рэч у сабе”, недаступныя таму, каму належаць. Людзям, якія ад іх адарваныя. Няўжо, каб іх паслухаць, кожны павінен здейсніць такое ж падарожжа ў Столінскі раён.
Усё нашмат прасцей. Песні Іван Кірчук пры падтрымцы “ BMAgroup ”вырашыў выдаць на кампакт-дыску. Так выйшаў альбом “Століншчына”. Слухаць яго можна прама ў хаце, у думках уявляючы палескія краявіды і тых, хто жыве сярод іх. А можна пайсці на канцэрт 6 мая. Сама вёска Відзібор прыедзе ў сталічны Дом літаратара і будзе там спяваць свае песні. Той легендарны Іван Вярэніч, які крануў лідара “Троіцы”, тры калектывы – усяго двадцать асоб. Цяпер Іван Кірчук робіць усё, каб на іх гасціннасць адказаць сталічным годным прыёмам: заказвае аўтобусы, думае, дзе пакарміць людзей. Гэта ж не жарт: едуць зоркі самага арыгінальнага аўтарскага праекта – этнаграфічнага альбома “Століншчына”!
- Я каторы год мару, каб у Беларусі была серыя альбомаў, якія б адкрывалі фальклорнае багацце нам самім і іншым народам свету, - тлумачыць Іван Кірчук. – Я ведаю, як гэта робіцца ў іншых краінах, дзе зразумелі важнасць гэтай справы. Напрыклад, праект “Легенды Грузіі” зараз ідзе нават на DVD . Ёсць тры кампакт-дыскі Польшчы, проста выдатна аформленыя. У Беларусі, на жаль, такога няма. Гэта балюча. Паездзіўшы трохі па свеце, пабачыўшы, як ставяцца да ўсяго “спрадвечнага”, я думаю: чаму мы не варушымся? У нас надзіва спеўны, багацейшы край. Але ідуць гады, сыходзяць людзі, фальклор губляецца. Ведаю, ёсць шмат фалькларыстаў, у якіх захоўваюцца запісы і асабістыя архівы, нікому больш не патрэбныя. Ведаю, вялікі архіў фальклору ў Акадэміі навук. Ён таксама рассыпаецца. Лёгка нешта ператварыць у попел, але з попелу нічога не створыцца.
Пакуль што ёсць рэальная магчымасць, незапашаны матэрыял, які дазваляе зрабіць серыю з шасці кампакт-дыскаў па розных рэгіёнах Беларусі, якія выдзяляюць этнографы. Але, каб усё гэта зрабіць на высокім узроўні, патрэбны грошы. Яны могуць прынесці яшчэ больш грошай, калі гэтым займацца. На фальклорным багацці можна зарабляць! Таму што ўся этнічная музыка ў Еўропе каштуе вельмі дорага. І правільна. Я заўсёды кажу, што гэта не проста песні – гэта своеасаблівыя малітвы, у якія закладзена пэйная інфармацыя. Патрэбен час, бывае, нават некалькі гадоў, каб зразумець яе сэнс. Таму гэта павінна каштаваць дорага, яно павінна быць зробленна прыгожа, каб паказаць краіну.
Праўда, вопыт самога Кірчука паказвае, што лепш ні на каго не спадзявацца і рабіць нешта самому. Зразумеў гэта яшчэ з таго часу, як пачынаў збіраць свой уласны этнаграфічны музей, які зараз знаходзіцца ў яго сяброў у Галандыі. Летась выйшла яго кніга “Тэатралізаваныя школьныя святы” – шэсць праграм з нотамі, паводле якіх можна займацца рэканструкцыяй абрадаў. Зараз знаходзіцца ў друку яго новая кніга пра абрады. З Масквы нават запрашалі аднойчы, каб каларытны апантаны музыка з Мінска паказаў, якая насамрэч павінна быць беларуская Масленіца.
Але серыя з песень розных рэгіёнаў – 20-гадовая мара яго жыцця. Ён сам спрабаваў зрабіць нешта, для пачатку склаўшы праграмму “Варажбіт” з песень розных рэгіёнаў. Але “Століншчыну” ён не лічыць сваім альбомам, хоць і прыклаў столькі намаганняў для яго выхаду. Гэта праца тых аўтычных спевакоў, якім трэба нізка пакланіцца за іх розум і веды, якія ўвасобіліся ў 26 трэкаў на кампакт-дыску.
Песні выбралі вельмі розныя. Салдацкія, святочныя, некалькі калядных. Вельмі цікавыя найгрышы на гармоніку выдае зусім малады гарманіст. Звычайна гармонік перашкаджае выканаўцам, а гэты ж вельмі натуральна і ашчадна далучаецца да спевакоў. Усіх рэальных зорак гэтага праекта Іван Іванавіч прадставіць – пра кожнага ёсць што расказаць.
- Можа наш прыклад некага захопіць, - спадзяецца Іван Кірчук. – Гэта толькі штуршок для вялікай, складанай, цікавай працы. Ёю, на мой погляд, не павінны займацца простыя людзі, такія, як мы, таму што не будзе патрэбнай якасці, прэзентабельнасці. А такі выдатны, прыгожы і карысны альбом я сам набыў бы з задавальненнем і для сваіх сяброў прыхапіў бы яшчэ некалькі экземпляраў. А то прыехалі венгры, а я іх павёз на Палессе, каб паслухаць нешта неапрацаванае, жывое. Яны засталіся задаволеныя – там і пачаставалі, і паспявалі ім, і патанчылі. Што рабіць, калі іншай магчымасці пазнаёміцца з сапраўднай Беларуссю няма? Цяпер хоць “Стлінчына” будзе.
Пакуль нашу краіну за мяжой імкнуцца спасцігнуць па гуртах і музыкантах, якія апрацоўваюць фальклор па-свойму, па той жа “Троіцы”, якая наведала ўжо да шасцідзесяці замежных фестываляў. Цікавасць вялікая. Галандская фірма, якая 25 гадоў займаецца этнічнай музыкай усяго свету, выдавала беларускую музыку – тры кампакт-дыскі “Троіцы”. Але зборнік аўтэнтычнага фальклору – зусім іншае. Гэта тое, што краіна павінна зрабіць для сябе сама. У рэшце рэшт, узялася ж яна за музыку ў эфіры.
- Цяпер, можа, трошкі больш сталі ставіць “Троіцу” радыёстанцыі, але мы “нефармат”. Апошнія песні, якія доўжацца па 6-7 хвілін, таксама не ўпісываюцца ў радыёэфір. Такі наш лёс. Праўда, у той жа Германіі ёсць этнічнае радыё, якое праз кожныя паўгадзіны мяняе краіну, прадстаўляе яе музыку. На гэтым радыё няма рэкламы. Але гучыць розная музыка ад аўтэнтычнага фальклору да фолк-авангарду. У нас гэтага няма, не ведаю, калі будзе. Я не супраць, няхай існуе поп-музыка, але пры гэтым няхай будзе і нешта іншае. Бо калі няма выбару, тады цяжка набраць 75 працэнтаў сапраўды дабротнай музыкі.