Альтернативное изображение
Гісторыя
Гурт «Троіца» сфарміраваўся ў пачатку 1996 года.

Склад этна-трыа «Троіца»:

Іван Кірчук [д/н 14.09.1958 г.] - галоўны вакал, народныя музычныя інструменты;
Юрый Дзмітрыеў [д/н 5.04.1977 г.] - гітары, вакал;
Юрый Паўлоўскі [д/н 17.10.1964 г.] - барабаны.

У першы склад гурта ўваходзілі  Іван КірчукДзмітрый Лук'янчыкВіталь Шкіленак.

Іван Кірчук на момант утварэння гурта працаваў у Мінскім вучылішчы мастацтваў на аддзяленні фалькларыстыкі. Да гэтага ён паспеў паўдзельнічаць у этнаграфічных экспедыцыях, запісаць некалькі праграм на радыё, а таксама стварыць фальклорны ансамбль «Дзіва». Дзмітрый Лук'янчык граў з 80-х гадоў у некалькіх рок-гуртах. Навучаючыся ў тым самым вучылішчы, дзе працаваў Іван, Дзмітрый зацікавіўся фолькам, далучыўшы да яго Віталя Шкіленка, з якім яны разам удзельнічалі ў гурце Beauty by mistake. З 1995 года пачынаюцца сумесныя рэпетыцыі будучай «Троіцы». Разам з ансамблем Івана Кірчука «Дзіва» Віталь і Дзмітрый прадставілі сумесную праграму пад новы 1996 год. Упершыню гурт пад назвай «Троіца» выступіў на конкурсе альтэрнатыўных выканаўцаў «Уступи дорогу!» («Саступі дарогу!»), які праводзіўся фондам Сораса. Даючы такую назву свайму калектыву, удзельнікі гурта спасылаліся на  даўнія беларускія традыцыі «траістых» музыкаў. З аднаго боку, назва падразумявала адданасць старажытным славянскім звычаям, з другога ‒ паказвала колькасць саміх выканаўцаў. Поспех на конкурсе быў поўнай нечаканасцю для гурта. Пераможца атрымліваў магчымасць бясплатнага запісу ў студыі, і ўжо ў 1996 годзе з'явіўся дэма-запіс і некалькі кампазіцый на касетах, праўда, тыражом усяго ў сто штук. Нягледзячы на такую маленькую колькасць касет, адна з іх змагла трапіць у рукі лідара расійскага гурта «ДДТ» Юрыя Шэўчука. У той час ён займаўся зборам музычнага матэрыялу для свайго піцерскага фестывалю «Песни конца XX века» (1997). «Троіца» без праблем трапіла ў лік яго ўдзельнікаў. Як пазней успамінаў Іван пра гэты фестываль, гурт вельмі баяўся, што разгарачаныя фанаты «ДДТ» і «Алісы» не ўспрымуць іх музыку. Але нечакана ўсё павярнулася прызнаннем і поспехам. Тады ж гурт змог выступіць і на фестывалі этнічнай музыкі, прысвечаным 850-годдзю Масквы. У 1997 г. «Троіца» наведала з канцэртамі Галандыю, дзе музыкаў зноў чакаў поспех. Замест запланаваных трох канцэртаў, гурт адыграў усе дзевяць. Галандцаў вельмі зацікавілі манера спеву, тэксты, а таксама музычныя інструменты гурта, большасць з якіх была рарытэтамі з уласнай калекцыі Івана Кірчука.

З гэтага года пачынаюцца актыўныя канцэрты практычна па ўсёй Еўропе. «Троіца» наведала Аўстрыю, Германію, Венгрыю, Партугалію, Польшчу, Харватыю, Славенію. На вялікі жаль, на сваёй радзіме ў той час гурт выступаў мала. Гэта было выклікана нізкай цікаўнасцю беларускай публікі як да стылю музыкі «Троіцы», так і ўвогуле да ўласнага фальклору.

У 1998 годзе ў Галандыі выходзіць паўнавартасны першы альбом пад назвай «Троіца». У тым самым годзе назіраецца відавочны раскол у калектыве. На глебе творчай нязгоды гурт пакідае спачатку Віталь Шкіленак, а потым і Дзмітрый Лук'янчык, таму ў 1998 годзе Іван Іванавіч вымушаны сам выступаць у Венгрыі, а потым і ў Босніі. Падчас канцэртаў Іван Кірчук паказвае таксама пастаноўкі «Батлейкі» - лялечнага беларускага тэатра.

Па вяртанні на радзіму Іван Іванавіч спрабуе працягнуць творчасць «Троіцы». У гурт паступова ўліваюцца гітарыст Юрый Дзмітрыеў і барабаншчык Юрый Паўлоўскі  з калектыву «Князь Мышкін». Перапрацаваўшы старую праграму, музыкі ствараюць таксама некалькі новых кампазіцый.

Бліжэй да сярэдзіны 1999 года абноўлены гурт, крыху змяніўшы назву шляхам дадання акрэслення «этна-трыа», адправіўся ў Еўропу. У гэты перыяд было запісана жывое выступленне калектыву на галандскім фестывалі Öеrоl (Урэл). Альбом, па меркаванні гурта, нельга назваць паўнавартасным, ён быў толькі спробай сіл. «Троіца» актыўна распачынае працу над новымі песнямі для будучага альбома.

У 2000 годзе ў Галандыі выходзіць сольная праца Івана Іванавіча  пад назвай «Спадчына загінуўшых вёсак».  Гэты альбом змог убачыць свет дзякуючы аднаму галандскаму прадзюсеру, які выпадкова пачуў сольны выступ Івана. Ён адразу прапанаваў яму запіс у студыі. На працягу некалькіх дзён Іван запісвае каля сарака песень для свайго альбома. Падчас працы з прычыны нізкіх тэхнічных магчымасцяў ён вымушаны  выкарыстоўваць мінімум інструментаў, а часам і выключна голас.

Рэшту 2000 года гурт выступае ў Еўропе, даючы канцэрты ў Галандыі, Германіі і краінах Балканскага рэгіёна. Таксама ў 2000 годзе этна-трыа «Троіца» паспяхова выступіла ў жывым эфіры праграмы «АНТРАПАЛОГІЯ» (НТВ, Масква).

У студзені 2001 года гурт распачаў працу па запісе другога паўнавартаснага альбома «Журавы». Запіс  адбываўся ў галандскай студыі. На гэты раз умовы для запісу былі добрыя, што адбілася на якасці гука альбома. Новыя ўдзельнікі, зразумела, прыўнеслі новыя павевы ў творчасць «Троіцы». У альбоме «Журавы» назіраюцца заўважныя змены ў гучанні і агульным настроі ў параўнанні з першым альбомам.

У 2002 годзе альбом «Журавы» быў перавыдадзены спецыяльна для Беларусі, паколькі галандскі дыск распаўсюджваўся толькі ў Еўропе. У тым жа годзе «Троіца» запісала кампазіцыю для шырока рэкламаванага альбома-прысвячэння гурту «Depeche Mode», а таксама выступіла на вялікім этнічным фестывалі ў Малайзіі («Rain Forest World Music festival»).

У 2003 годзе гурт выступае ў Беларусі, Польшчы, Венгрыі, Літве, Латвіі, Босніі і Эстоніі.

2004 год азнаменаваны выхадам новага альбома «Сем». Ён быў поўнасцю запісаны ў Беларусі. Гэтаму садзейнічала тое, што гурт змог дамовіцца з адной з найлепшых студый Мінска. Таксама працягвалася канцэртная дзейнасць як на радзіме, так і за яе межамі (Расія, Эстонія). Напрыканцы года гурт запісаў саўндтрэк да дзіцячай кінастужкі «Маленькія ўцекачы», у якой Іван Іванавіч нават сыграў эпізадычную ролю.

2005 і 2006 гг. былі прысвечаны канцэртам у Эстоніі, Венгрыі, Польшчы, Расіі, Галандыі і Беларусі, працай над саўндтрэкам да тэлевізійнай мастацкай стужкі «Тры талеры». У 2007 г. гурт наведаў world music фэсты ва Украіне: «Краіна Мрій» і  «Шешоры». Таксама ў тым жа годзе быў запiсаны першы анімацыйны кліп гурта на песню «Тры янгалы». Праца атрымала добрыя водгукі музычных крытыкаў і гледачоў. У траўні 2008 г. выходзіць новы альбом «Сон-трава». А ў снежні таго ж года выходзіць доўгачаканы альбом «Жар-Жар».

У студзені-лютым 2011 года гурт выдаў наступны альбом - «Зімачка». Дыск запісаны і зведзены на польскай студыі TR-Studios (Варшава). Гукарэжысёр Tomasz Rogula. Дыск «Зімачка» быў адзначаны галоўнай узнагародай 2011 года «Альбом года» ад парталу experty.by. Таксама гэты дыск быў прызнаны найлепшым яшчэ ў чатырох намінацыях за 2011 год: найлепшы фолк-альбом, найлепшы беларускамоўны альбом, прыз вялікага журы, прыз народных экспертаў. Этна-трыа было прызнана «Гуртом 2011 года» ў Беларусі па версіі нацыянальнай прэміі, якую праводзіць Міністэрства культуры Беларусі і тэлеканал СТВ.

У перыяд з 2012 па 2018 гг. працягваліся канцэрты гурта на буйнейшых фэстывалях Еўропы (Іспанія, Германія, Літва, Швейцарыя, Польшча, Украіна, Чылі, Бельгія, Вялікабрытанія, Партугалія і Беларусь). У 2016 годзе этна-трыа «Троіца» прымала ўдзел у буйнейшым у свеце фестывалі «WOMAD»  у Чылі і ў Вялікабрытаніі.

На прыканцы 2018 года гурт выдаў наступны альбом - «Цар-Агонь».
     
Ў 2022 годзе гурт завершыў сваю дзейнасць!
P.S. ЭТНА-ТРЫА ТРОІЦА
• 22 гады існавання (сакавік 1999 - верасень 2021);
• канцэртная дзейнасць з 30.05.1999 па 15.05.2021;
• 309 канцэртаў (з іх 123 выступы на музычных фестывалях) ў 23 краінах свету;
• 6 альбомаў на CD выдадзеных (і перавыдадзеных) ў 5 краінах свету;
• 4 паўнавартасных канцэртных відэа;
• саундтрэкі да 3 мастацкіх фільмаў;
• саундтрэкі да 2 анімацыйных фільмаў-кліпаў.

Узнагароды гурта:

• дыплом I ступені конкурса «Саступі дарогу!» («Уступи дорогу!») Фонда Сораса, Беларусь (Мінск, 1996);
• дыплом Фонда Генры Форда ў межах праекта «Спадчына» (Мінск, 1997);
• «Традыцыі і сучаснасць» ‒ узнагароды «Рок-каранацый 1998, 2004/2005, 2008» (Беларусь);
• «Найлепшы музычны гурт года» ‒ нацыянальная музычная прэмія Рэспублікі Беларусь за 2011 год;
• «За ўнёсак у беларускую музыку» ‒ узнагароды Rock Profi за 2015 год (Беларусь).
 
 Узнагароды гурта ад музычнага партала «Experty.by»:
• «Найлепшы альбом» і «Найлепшы фольк-альбом» за альбом «Сон-трава» па выніках 2008 года;
• «Найлепшы беларускамоўны альбом», «Найлепшы фольк-альбом», «Прыз народных экспертаў», «Прыз вялікага журы» і «Альбом года» за альбом «Зімачка» па выніках 2011 года.
Апошняе абнаўленне ( 08.08.2023 г. )
 
© 2002 - 2025 этна-трыа "Троіца" / рэдактары: Сяргей Шупляк, Троiца
Joomla! is Free Software released under the GNU/GPL License.
хосцінг HOSTER.BY